Вызваленага гродзенца Андрэя Аўсіевіча 17 студзеня паказаў блогер і экс-палітвязень Вадзім Ермашук у сторыс Instagram. Ён распавёў, што ў хлопца неўзабаве стартуе збор на BYSOL.
Верагодна, хлопец вызваліўся ў чэрвені 2024 года — тады пасля трохгадовага перапынку ў яго Instagram з’явіліся пасты. У лістападзе ён выклаў фота з подпісам «уцёкі з мордара». Верагодна, хлопец эміграваў. Ён падзякаваў тым, хто пісаў яму лісты.
Хлопец — вернік. У гутарцы з Vadimati ён сказаў, што не шкадуе, што бог паслаў яму такія выпрабаванні. Таксама ён падзяліўся, за што яго судзілі: ён напісаў дачцэ генерала, студэнтцы з Польшчы, што яе трэба пазбавіць візы. Ён адбываў пакаранне ў калоніі Магілёва. Неўзабаве ў Андрэя будзе збор на BYSOL.

-Яму таксама патрэбна падтрымка і рэабілітацыя, — просіць Vadimati. У свой час Vadimati хадзіў на суды падтрымаць Андрэя.
Гродзенскі абласны суд 8 снежня 2021 года асудзіў Аўсіевіча на 3,5 года калоніі па ч.1 арт. 130 КК (Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці альбо варажнечы), а таксама арт. 369 КК (абраза прадстаўнікоў улады). Прычына — некалькі каментароў у Telegram-чатах і каналах.
Бацькі Андрэя — матушка Людміла на пенсіі і бацька Іван, які да атрымання інваліднасці служыў у Свята-Пакроўскім кафедральным саборы на вул. Ажэшкі і храме Усячэння галавы Іаана Прадцечы на вул. Курчатава. На момант затрымання Андрэй даглядаў бацьку, які перасоўваўся на вазку.