У Жыровічах запланавалі рэканструкцыю Георгіеўскай царквы Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра. Гэта храм пабудаваны ў 1710 годзе ў выглядзе прастакутнага зруба з элементамі барока.

Плануецца поўны комплекс агульнабудаўнічых работ, рэканструкцыі і рэстаўрацыі. Для гэтага «Гроднажылбуд» выбірае субпадрадную арганізацыю. Плануюць выдаткаваць 2 361 583 рублі. Рамонт правядуць з 24 студзеня па 31 снежня 2025 года.

У Жыровічах Слонімскага раёна знаходзіцца Успенскі Жыровіцкі манастыр — стаўрапігіяльны мужчынскі манастыр Беларускай Праваслаўнай Царквы. Лічыцца найбуйнейшым у краіне архітэктурным ансамблем XVII-XVIII стст. Царква велікамучаніка Георгія Перамаганосца знаходзіцца на могілках на ўскраіне пасёлка. Яна ўваходзіць у склад манастырскага комплексу, хоць планіровачна з ім не звязаная.

Царква — помнік народнага дойлідства з рысамі барока. У ёй пад падлогай знаходзіцца прах пісьменніка, протаіерэя Плакіда Янкоўскага.

Чытайце таксама: Як лепш адбудаваць гродзенскую ратушу: тлумачыць гісторык