Штогод у трэцюю сераду студзеня ў свеце праходзіць акцыя «Дзень музейнага сэлфі», калі наведвальнікі робяць фота на фоне экспанатаў. Hrodna.life даведаўся, у якіх гродзенскіх музеях атрымаліся б самыя цікавыя здымкі.
Музей гісторыі рэлігіі: 800-гадовы сасуд з Каложы
Бронзавы акваманіл стварылі яшчэ ў XIII стагоддзі на тэрыторыі Германіі. Паводле легенды, у Гродне сасуд аказаўся дзякуючы Давыду Гарадзенскаму — ён прывёз яго ў якасці ваеннага трафея, выйгранага падчас бітвы з крыжаносцамі.
Пазней сасуд выкарыстоўвалі падчас службаў у Каложскай царкве. Праўда, знайшлі яго ўжо ў савецкія часы падчас раскопак, якія праводзіліся на тэрыторыі царквы.
Музей-аптэка: гербарый Элізы Ажэшкі
У музеі захаваўся гербарый 1889 года, які збірала сама Эліза Ажэшка. Дарэчы, пісьменніца нярэдка наведвала аптэку, таму што сябравала з Эдвардам Стэмпнеўскім — яго сям’я валодала аптэкай з 1904 па 1939 год.

Стары Замак: сэлфі ў каралеўскай лазні
У 2022 годзе ў рамках рэстаўрацыі памяшканняў Старога Замка была адноўлена каралеўская лазня. Каб вярнуць ёй першапачатковы выгляд, рэстаўратарам прыйшлося задзейнічаць печнікаў і сталяроў. Затое зараз наведвальнікі могуць убачыць, у якіх умовах мыліся каралі.

А яшчэ ў замку з’явілася копія гродзенскай харугвы — сцяга, які выкарыстоўвалі гродзенцы ў XVII стагоддзі падчас войн. Сэлфі на яе фоне — амаль што фота на фоне дывана, толькі ў антуражы 400-гадовай даўніны.

Новы замак: гармата, якую дасталі з Нёмана
У верасні 1966 года са дна Нёмана дасталі масіўную трубу, якая аказалася бронзавай гарматай расійскай арміі 1701 года. Усяго ў той год у рацэ знайшлі тры гарматы.
Рабочыя перадалі іх у гісторыка-археалагічны музей. Цяпер адна з гармат стаіць ля ўвахода ў Новы Замак.
Музей гісторыі Гарадніцы: сэлфі з Жыліберам
Музей знаходзіцца ў адзіным захаваным доміку з цэлага комплексу так званых «басняцкіх дамоў». У канцы XVIII стагоддзя там жылі рамеснікі, якіх запрасіў працаваць у Гродна Антоній Тызенгаўз. А непадалёк французскі батанік Жан Жылібер ствараў Медыцынскую акадэмію і батанічны сад.
У Музеі гісторыі Гарадніцы можна зрабіць і іншыя класныя сэлфі - надта прыемныя там інтэр'еры!

Дом Элізы Ажэшкі: сапраўдны пісьменніцкі салон
Інтэр'ер малога салона пісьменніцы аднавілі па фота, якія захаваліся. Сам пакой упрыгожаны карцінамі і люстэркам Элізы Ажэшкі, а таксама арыгінальным крэслам, у якім любіла сядзець пісьменніца.

Чытайце таксама: Якія цікавыя, але малавядомыя музеі варта наведаць у Гродне