Мікалая Аўтуховіча перад Новым годам змясцілі ў ШІЗА. Жыхара Слоніма судзяць за атрыманне замежнай дапамогі. Выйшла на волю 21-гадовая палітзняволеная Аніта Бакуновіч. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 6 па 12 студзеня.
Мікалая Аўтуховіча перад Новым годам змясцілі ў ШІЗА
Палітвязню Мікалаю Аўтуховічу 7 студзеня споўнілася 62 гады. Сваякі палітвязня спадзяюцца, што ён сустрэў гэты дзень у сваёй звычайнай камеры, а не ў ШІЗА, дзе пабываў перад Новым годам, піша «Свабода».
«З санаторыя я ўжо прыехаў, усё нармальна. Беражыце сваё здароўе, не хвалюйцеся за мяне. Духоўна я гатовы да любых выпрабаванняў, я зусім спраўлюся. Гэта мой шлях, дадзены мне Богам, і я яго прайду», — напісаў Мікалай Аўтуховіч у апошнім лісце і павіншаваў сваякоў з Новым годам і Калядамі.
У снежні сваякі паслалі палітвязню медыцынскую бандэроль, але да адрасата яна не дайшла і была вернутая. Нядаўна сваякі выслалі Аўтуховічу новую бандэроль з лекамі. Паводле звестак ад палітвязня, у яго ад хваробы суставаў пухнуць ногі, яму патрэбныя спецыяльныя прэпараты.

Новая экстрэмісцкая інфармацыя
TikTok-акаўнт «belsat_l» і яго лагатып, TikTok-акаўнт «this_is_hrodna» 30 снежня прызнаў экстрэмісцкімі суд Лідскага раёна.
Жыхара Слоніма судзяць за атрыманне замежнай дапамогі
Пятра Крышталя судзілі паводле арт. 24.15 ч. 2 КаАП «Парушэнне заканадаўства аб замежнай бязвыплатнай дапамозе». Справу разглядаў Аляксандр Ярмолік у судзе Слонімскага раёна 10 студзеня, паведамляе Telegram-канал «Право имеют».
Па гэтым артыкуле судзяць палітвязняў і іх сваякоў за атрыманне дапамогі прадуктамі ці грашыма.
Выйшла на волю 21-гадовая палітзняволеная Аніта Бакуновіч
Дзяўчына атрымала хатнюю хімію за ўдзел у пратэстах, а калі спрабавала выехаць з краіны, была паўторна арыштаваная. Яна атрымала 3,5 гады зняволення — за спробу незаконнага перасячэння мяжы, удзел у экстрэмісцкім фармаванні і за ўдзел у пратэстах, паведамляе «Наша Ніва».
За кратамі дзяўчына правяла агулам больш за 2,5 гадоў і была вызваленая па памілаванні. Яе судзілі ў Гродзенскім абласным судзе.

5 жыхароў вобласці судзілі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў
Па арт. 19.11 КаАП «Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць» судзілі жыхароў Гродна і Воранава.
Сайт Petitions.by прызналі экстрэмісцкім
Сайт «Petitions.by зручны горад», які збіраў петыцыі ад беларусаў і накіроўваў іх чыноўнікам, унеслі ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Акаўнты сайта ў Instagram, Facebook і Telegram таксама прызналі экстрэмісцкімі. Hrodna.life узгадвае, якія петыцыі пакідалі гродзенцы і як гэта паўплывала на горад.
Перад выбарамі дзяржмедыя закідваюць гродзенцаў агітацыйнымі відэа
Прысвечаныя выбарам ролікі газета «Гродзенская праўда» публікуе ў сваім Telegram-канале. Звычайна героямі агітацыйных відэа становяцца дзеці і непаўналетняя моладзь. Hrodna.life вывучыў, як дзяржаўныя медыі прыцягваюць беларусаў на выбары.

Блогер Vadimati — пра 10-гадовыя адносіны, дзяцей, завочныя крыміналкі і страх смерці
У 2020 годзе Vadimati з лайфстайл-блогера стаў яшчэ і палітычным. Гэта не ўзялося з ніадкуль: па адукацыі ён юрыст, а ў вулічных акцыях удзельнічаў яшчэ ў 2011 годзе. За актыўнасць Вадзіма пасадзілі на тры гады, а сілавікі публічна распавялі пра яго сэксуальныя перавагі. У гутарцы з журналісткай Hrodna.life блогер і былы палітвязень Вадзім Ермашук шчыра распавёў, як у 11 гадоў асірацеў са смерцю мамы, як 10 гадоў хаваў адносіны з партнёрам, ці гатовы дараваць крыўднікам і ці баіцца сустрэць уласную смерць.
