Кожны месяц 2025 года будзе прысвечаны аднаму з відаў турызму, паведаміла Нацыянальнае агенцтва па турызме. У студзені агенцтва прапануе наведваць рэлігійныя аб’екты, уключаныя ў турыстычныя маршруты. Усяго ў Беларусі каля 1400 такіх аб’ектаў. Найбольшая іх канцэнтрацыя — у Гродзенскай вобласці.

Дзе ў Беларусі знайсці аб’екты рэлігійнага турызму

У Гродзенскай вобласці Нацыянальнае агенцтва па турызме налічыла 460 рэлігійных аб’ектаў, уключаных у турыстычныя маршруты. Гэта 33% ад усіх аб’ектаў у краіне. На другім месцы Брэсцкая вобласць — 400 аб’ектаў. У Мінскай вобласці іх 123, у Віцебскай — 99, у Магілёўскай — 69, у Гомельскай — 50, у Мінску — 20.

Пералік аб’ектаў агенцтва размясціла на сваім сайце.

Што раіць наведаць Нацыянальнае агенцтва па турызме

У месяц рэлігійнага турызму агенцтва раіць наведаць унікальныя мясціны: Спаса-Праабражэнскую царкву і Сафійскі сабор у Полацку; Барыса-Глебскую (Каложскую) царкву ў Гродне; культавыя збудаванні абароннага тыпу: касцёл святога Яна Хрысціцеля ў вёсцы Камаі Пастаўскага раёна, царкву-крэпасць Свята-Раства Багародзіцы ў вёсцы Мураванка Шчучынскага раёна, царкву Святога Міхаіла ў вёсцы Сынкавічы Зэльвенскага раёна; драўляныя цэрквы Палесся. Гэтыя аб’екты ўнесены ў папярэдні Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Чытайце таксама:

Якія віду турызму афіцыйна існуюць у Беларусі

Адзіную класіфікацыю відаў турызму ўвяло ў 2023 годзе Міністэрства спорту і турызму. Афіцыйна турызм у Беларусі дзеліцца на:

  • аграэкатурызм,
  • актыўны,
  • гастранамічны,
  • дзелавы,
  • гісторыка-культурны,
  • лячэбна-аздараўленчы,
  • медыцынскі,
  • адукацыйны,
  • паляўнічы,
  • прамысловы,
  • рэлігійны,
  • падзейны,
  • экалагічны.