Усяго ў Гродзенскай вобласці з 2020 года распачалі каля 3250 крымінальных спраў «экстрэмісцкай накіраванасці». У студзені 2024 года іх было 2500. Гэта значыць, за год органы распачалі яшчэ 750 «крыміналак».

У 2024 годзе колькасць «злачынстваў» зменшылася. А органы раскрывалі 90% спраў - вышэй, чым па рэспубліцы. Пра гэта паведаміла намесніца начальніка аддзела лінейнага працэсуальнага кантролю ўпраўлення працэсуальнага кантролю ўпраўлення Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці Алеся Ульдзіновіч.

Усяго выявілі больш за 800 асоб, якія маюць дачыненне да «злачынстваў». Крымінальныя справы ў дачыненні да 597 асоб па 1265 эпізодах перадалі для накіравання ў суд.

Сярод замяшаных у «экстрэмізме» — у асноўным моладзь. Па словах сілавікоў, большасць злачынстваў здзяйсняюцца ў інтэрнэце.