У гандлёва-забаўляльным цэнтры Triniti адкрылася гульнявая прастора Neo. Атракцыёны разлічаны ў першую чаргу на дзяцей, а асноўныя прызы – цацкі. Каб пагуляць у апараты, на ўваходзе неабходна набыць спецыяльныя жэтоны.

Прастора Neo адкрылася 15 снежня. Тут ёсць некалькі атракцыёнаў. Напрыклад, усталявалі апарат па выцягванні цацак, дзе можна выйграць капібару, панду ці персанажаў з вядомых мультфільмаў – Пікачу ці Сціча.

Ёсць і больш рухомыя гульні: спецыяльная пляцоўка для танцавальных батлаў, камп’ютарныя стралялкі і імітатар язды на матацыкле. Усталявалі ў Neo і невялікі рынг для бокса – для гульні выдаюць сапраўдныя пальчаткі, а праекцыя бою транслюецца на экран.

Каб пагуляць у аўтаматы, трэба ўнесці жэтоны – набыць іх можна на ўваходзе ў прастору. Так 3 жэтоны абыдуцца ў 5 руб., 16 жэтонаў каштуюць 20 руб., 100 жэтонаў – 100 руб.

Гульнявая прастора знаходзіцца на трэцім паверсе ГЗК Triniti і працуе з 10:00 да 22:00 штодзень.