Гродзенскі блогер і былы палітзняволены Вадзімаці (Вадзім Ермашук) расказаў у сваім Instagram, што прымусіла яго пакінуць Беларусь. Зараз ён знаходзіцца на адпачынку ў Тунісе і запісвае сторы з адказамі на пытанні сваіх падпісчыкаў.

Адно з пытанняў – чаму Вадзім вырашыў з’ехаць, калі пачаткова не планаваў. “Постепенно меня принуждали к этому. Тем более все белорусы до сих пор ходят на госпомойки и шабаши во время чумы в центрах городов и танцуют под «Корни» и Стасю Михайловну”, – адказаў ён у адной са сторы. А ў іншай дадаў: “Меня просто выжили из Гродно”.

Падпісчыкі пыталіся, што блогер думае пра магчымасць вяртання ў Беларусь. Ён шчыра адказаў, што не ведае, калі гэта будзе магчыма. “Пока он там, наверное нет, когда не будет, то возможно да”, – напісаў Вадзімаці пад фота Лукашэнкі. І ўдакладніў некалькі сторы пазней: “Я не знаю, посмотрим, что будет после перевыборов Лукашенко! Оттепель, но не факт”.

“2020 год расколол общество у нас в стране, а больше всего его раскололи сами чиновники”, – падзяліўся думкамі блогер.

Задавалі падпісчыкі і дзіўныя пытанні, кшталту: «Вам разрешили вести страницу?».

Instagram Вадзімаці пад назвай ermashukvadimati прызналі “экстрэмісцкімі матэрыяламі” 27 лістапада 2024. Яшчэ да суда блогер выдаліў яго, а пасля ад’езду з Беларусі аднавіў пад назвай ermakdimati.

Вадзімаці з’ехаў спачатку ў Грузію, а адтуль прыляцеў у Польшчу, куды плануе вярнуцца пасля адпачынку. Але не выключае і іншых краін. “Я чалавек міру, яшчэ не ведаю, дзе мой прытулак”, – напісаў ён.

Адной з прычын ад’езду быў чарговы канфлікт з даносчыцай Вольгай Бондаравай. Тая напісала на Вадзіма заяву ў міліцыю за нібыта абразу. Адметна, што Вадзімаці яшчэ раней першы напісаў у міліцыю заяву на Бондараву за абразу – але тады органы не адрэагавалі.

Адметна, што Вадзімаці пачаў часта выкарыстоўваць беларускую мову. “Трыгерам быў 2020 рок, калі я яшчэ болей палюбіў родную мову”, – прызнаецца блогер і адразу выбачаецца, што ведае яе дрэнна. Маўляў, яе гадамі знішчалі ўлады.

Сваім падпісчыкам, якія жывуць у Беларусі, блогер раіць на ўсялякі выпадак адпісацца ад яго профілю і праглядаць яго без падпіскі.