На відэа, у якім рэстаўруюць дзверы аднаго з драўляных дамоў у Гродне, звярнуў увагу Telegram-канал «Спадчына». Працоўныя знялі старыя пласты фарбы, а пасля апрацавалі дрэва і дадалі страчаныя разьбяныя элементы. Паводле аўтараў «Спадчыны», праца была зроблена недасканала і часткова сапсавала выгляд дому.

Адпаліравалі і зашпаклявалі: што зрабілі з дзвярыма

Уладальнік дома звярнуўся да гродзенскай рэстаўрацыйнай майстэрні Retroio з запытам аднавіць дзверы — перафарбаваць іх у новы колер, але захаваць арыгінальны выгляд, бо дом знаходзіцца ў гістарычнай частцы горада.

Рэстаўратары знялі каля пяці пластоў фарбы, каб «адкрыць дрэва і даць яму магчымасць дыхаць», — адзначаецца ў відэа. Пасля дзверы адпаліравалі і з дапамогай шпаклявання «схавалі ўсе заганы — сколы і трэшчыны». Фінальным этапам працы стала аднаўленне разьбяных элементаў, якія з цягам часу пашкодзіліся.

Зараз дзверы загрунтаваныя — іх плануюць пафарбаваць у карычневы колер. Але прыступяць да гэтага этапу вясной, калі надвор’е стане больш цёплым.

Не рэстаўрацыя, а рамонт: страцілі і іншыя каштоўныя дэталі

Драўляны дом, дзе праводзіліся працы, знаходзіцца па вуліцы 17 Верасня. Вуліца трапляе ў ахоўную зону гістарычнага цэнтра Гродна — зону рэгулявання забудовы першага рэжыму ўтрымання. Таму тут забараняецца будаваць прамысловыя прадпрыемствы і камунальна-складскія аб’екты. Таксама тут нельга рэканструяваць існуючую забудову без выкарыстання гістарычнага модуля па працягласці фасадаў. Але гэта «ніяк не абараняе каштоўную драўляную забудову ад такой вось псеўдарэстаўрацыі», — адзначаюць у «Спадчыне».

Як заўважылі падпісчыкі «Спадчыны», падчас рэстаўрацыі працоўныя дапусцілі шэраг памылак. Сярод іншага адзначаюць занадта вялікую колькасць выкарыстанай шпаклёўкі, фарбаванне дзвярэй разам з ручкай, таксама з левай створкі кудысьці знік гістарычны дзвярны нумарок.

Апроч таго адзначаецца, што працы па дэмантажу абкладкі лепш праводзіць у майстэрні — інакш нераўнамерная шліфоўка можа пашкодзіць абкладку.

Падчас аднаўлення дома сярод драўляных элементаў засталіся арыгінальнымі толькі дзверы. Выкінулі драўляныя вокны з накладным дэкорам, разьбяныя падзоры, якія акаймоўвалі навісь даху, старую ашалёўку.

«Работы больш нагадваюць рамонт. І бачна, што выконваюцца не прафесіяналамі», — рэзюмуюць аўтары «Спадчыны».