“Гарадзенская панарама” – гэта квіз, у якім спатрэбяцца веды пра наш горад, трошкі логікі і інтэрнэт. Каб выканаць заданні і прайсці ўсе ўзроўні, гулец мусіць прайсціся па Гродна на панарамах “Яндэкс.Карты”.
Гульню прэзентаваў Telegram-канал Urban Hrodna. Каб паўдзельнічаць, трэба зарэгістравацца на міжнароднай платформе з гарадскімі гульнямі Encounter і далучыцца да гульні, націснуўшы кнопку “Вход в игру” . Зарэгістравацца на гульню можна да 13 снежня 2024 года – і праходзіць яе ў камфортным для сябе тэмпе.
Як гуляць?
Гульня складаецца з 15 узроўняў. Загадка на кожным узроўні звязана з якой-небудзь лакацыяй, да якой трэба прайсціся на панарамах “Яндэкс.Карты”. Панарамны від горада можна ўключыць у правым верхнім меню, націснуўшы на піктаграму з чалавечкам. На кожным узроўні ўдзельніку трэба здагадацца, што распрацоўнікі мелі на ўвазе, і знайсці адказ на самой панараме. Гэта можа быць надпіс на шыльдзе, лічба або нейкая выява.
У апісанні да гульні раяць спрабаваць розныя напісанні і варыянты адказаў. Калі гулец з нейкай прычыны не зможа прайсці пэўны ўзровень, або сістэма не пускае далей, хоць усё зроблена правільна – можна пісаць у зваротную сувязь канала-суаўтара, або наўпрост у каментарах.



