Ілюстратыўнае фота дружыннікаў. Фота: "Мінск-навіны"
У Гродзенскай вобласці амаль 1600 дружыннікаў - людзей, якія не з’яўляюцца супрацоўнікамі праваахоўных органаў, але ў вольны час сочаць за парадкам на вуліцах. Аказваецца, за такую дзейнасць прадугледжаны бонусы — як фінансавыя, так і сацыяльныя.
Зарплата для дружыннікаў не прадугледжана. Аднак мясцовыя органы ўлады ці кіраўнікі прадпрыемстваў могуць прызначаць пэўныя заахвочванні. Напрыклад, на адным з ваўкавыскіх прадпрыемстваў за дзяжурства плацяць 50 руб. Бонусы могуць даваць і ў выглядзе дадатковых дзён да адпачынку.
Таксама ўсе добраахвотнікі падлягаюць абавязковаму асабістаму страхаванню. Акрамя гэтага, падумваюць аб тым, каб на час дзяжурства зрабіць праезд у грамадскім транспарце для дружыннікаў бясплатным, піша «Вячэрні Гродна».
Патрапіць у лік добраахвотнікаў атрымаецца не ў кожнага. Для гэтага трэба адпавядаць пераліку патрабаванняў. Сярод іх ёсць тры асноўныя: дружыннік павінен быць паўналетнім, мець грамадзянства Беларусі і не прыцягвацца да адказнасці на працягу года.
Таксама добраахвотнік не павінен знаходзіцца на прафілактычных уліках у нарколага і псіхіятра.
— Чалавека з вуліцы ў дружыну не возьмуць. Калі яна створана на базе канкрэтнага прадпрыемства або сельсавета, то добраахвотнік павінен быць работнікам гэтага прадпрыемства або жыхаром названага сельсавета. Рашэнне аб прыёме ў члены дружыны прымаюць органы яе кіравання, — адзначае начальнік аддзела аховы правапарадку ўпраўлення арганізацыі прафесійнай падрыхтоўкі міліцыі грамадскай бяспекі УУС Гродзенскага аблвыканкама Павел Аўдзей.
У добраахвотнікаў ёсць спецыяльныя пасведчанні. Таксама ён мусіць паказаць пашпарт. На правай руцэ па-над адзеннем павінна быць спецыяльная чырвоная павязка, на грудзях — адметны знак. Наяўнасць усіх атрыбутаў правяраецца падчас інструктажу перад кожным дзяжурствам.
Паўнамоцтвы дружыннікаў абмежаваны. Напрыклад, яны не могуць затрымліваць грамадзян. Але, калі становяцца сведкамі правапарушэнняў, выклікаюць міліцыю.
Таксама добраахвотнікі разам з участковымі могуць выязджаць на выклікі ў якасці сведкаў ці панятых, наведваюць яны і пажылых людзей. Дружыннікі могуць запатрабаваць выключыць музыку, калі тая замінае суседзям ці са згоды ўласніка могуць уваходзіць у будынкі клубаў, кінатэатраў і стадыёнаў, калі там хаваецца падазраваны ці адбываецца правапарушэнне.
У межах, устаноўленых заканадаўствам, дружыннікі могуць прымяняць фізічную сілу і аказваць даўрачэбную дапамогу пацярпелым.
За 10 месяцаў 2024 года дружыннікі Гродзенскай вобласці выявілі больш за 300 правапарушэнняў і выканалі больш за 8 тыс. выхадаў.
У траўні беларусы сталі актыўна абмяркоўваць знікненне бульбы з паліц у крамах. Звярнулі ўвагу і…
Гарадское і сельскае насельніцтва Беларусі скарачаецца. Згодна з Белстатам, у Гродне і Лідзе сітуацыя выглядае…
Сцэнічны комплекс на святкаванне Дня Перамогі ў Гродне 9 траўня абыйдзецца гарадскому бюджэту ў 12…
Непаўналетняга падлетка з Гродзенскага раёна спрабавалі прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці за распіццё алкаголю ў грамадскім…
Салон прыгажосці Mateo запусціў праект «Незвычайная маці». Паўдзельнічаць у ім могуць жанчыны, якія выхоўваюць дзяцей…
Гродзенскі гісторык Мечыслаў Супрон вызначыў, з якога ракурсу Напалеон Орда зрабіў адзін са сваіх гродзенскіх…