Студэнтаў педыятрычнага факультэта ГрДМУ адправілі на экскурсію ў гродзенскую турму з мэтай “прафілактыкі правапарушэнняў”, паведамляецца на сайце ўніверсітэта. Турма лічыцца самай строгай у Беларусі. Студэнтам распавялі пра гісторыю ўстановы, а таксама пагрузілі ў нюансы турэмнага побыту.
“Камфорт” забяспечваюць двухгадзіннай прагулкай і камерай на чацвярых
Падчас экскурсіі навучэнцам Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта расказалі пра асаблівасці жыцця ў турме. Напрыклад, на працягу дня зняволеным належыць двухгадзінная прагулка. «Аднак фактычна яна адбываецца на працягу гадзіны», – адзначаюць на сайце ГрДМУ.
Казалі студэнтам і пра «самыя камфартабельныя ўмовы» – пад імі маецца на ўвазе 4-мясцовая камера. Астатнія камеры турмы разлічаны на 7-8 чалавек.
Зняволеныя ў гродзенскай турме працуюць па 8 гадзін за дзень. За гэта, акрамя трохразовага харчавання, ім належаць бясплатныя цыгарэты і кнігі з бібліятэкі.
Што яшчэ студэнты даведаліся на экскурсіі
Напаўняльнасць турмы – 2 тысячы чалавек. Распарадак дня больш суровы, чым у іншай турме. Пад’ём зняволеных – у 6 раніцы. Ужо праз 10 хвілін – сняданак. Пасля гэтага зняволеныя адпраўляюцца на абавязковыя працы. Абед у 12 гадзін, пасля – ізноў адпраўка на працы. У 18 гадзін вячэра.
Няма посуду, камеры перапоўнены, а на прагулцы “не разгарнуцца”
У размове з Hrodna.life былы палітзняволены Ілля ў 2021 годзе распавядаў пра ўмовы ўтрымання ў гродзенскай турме. Па словах мужчыны, рэальны побыт адрозніваецца ад таго, якім яго малююць наведвальнікам экскурсій.
Напрыклад, у камерах не было посуду і сталовых прыбораў – новапрыбылым выдаюць толькі матрац, коўдру, дзве прасціны, навалачку і жалезную кружку. Пры гэтым у камерах знаходзілася ад 8 да 12 чалавек – гэта ў 1,5 разы больш, чым трэба.
Прагулкі былі штодзённымі – звычайна зняволеных выводзілі раніцай на адну гадзіну ў дворык. Але рухацца там было складана, асабліва калі прагулка праходзіла ў маленькім дворыку 2,5 на 6 метраў. “Там 12 чалавек не разгарнуцца пахадзіць, цесна”, – распавядаў Ілля.
Чытайце таксама: Як выжываюць зняволеныя ў гродзенскай турме



