Сэрвіс карт ад Google абнавіў спадарожнікавыя фатаграфіі Гродна. На іх можна ўбачыць найбуйнейшыя будоўлі горада, а таксама як змяніўся ландшафт крэйдавых кар’ераў Сінькі і Зялёнкі.
Што можна разгледзець на спадарожнікавых здымках?
На фота бачна, што каля праспекта Янкі Купалы вядзецца будоўля — гэта ўзводзяць гарадскую бальніцу, якая з’явіцца насупраць ГЦ Triniti.

Бачны і будпляцоўкі ў мікрараёне Вішнявец, звяртае ўвагу NewGrodno.by. У мікрараёне будуюць новыя гандлёвыя цэнтры і жылыя дамы.

Новыя спадарожнікавыя здымкі дазваляюць ацаніць маштаб Грандзіч — мяжа мікрараёна ўжо выйшла за праспект Аляксандра Курловіча.
Таксама бачна, як узводзіцца новая гарадская магістраль на скрыжаванні Дзяржынскага, Мясніцкай і Асфальтнай.
Дзякуючы здымкам можна ацаніць, як зменшылася колькасць вады ў крэйдавых кар’ерах Сінька і Зялёнка. Адбываецца гэта з-за таго, што кар’еры ўжо некалькі гадоў засыпаюць будаўнічым смеццем і пяском.

Па тэме: Глядзіце, як за 10 гадоў змяніўся ландшафт гродзенскіх кар’ераў
Па фота можна ацаніць маштабы будаўніцтва ў мікрараёне «Вясенні» і на Фолюшы, дзе дзеля новай забудовы зносяць ваенны гарадок.
Таксама спадарожнікавыя здымкі дазваляюць убачыць пясчаную пляцоўку на ўездзе ў Гродна па трасе М6 — пазней там з’явіцца шматфункцыянальны спартыўны комплекс.
Ля могілак «Аульс» бачныя новыя сектары некропаля, дзе восенню пачаў працу першы ў Гродне калумбарый. А побач з «Аульсам» вядуцца работы па стварэнні індустрыяльнага парка.

