Гродзенка Вікторыя Талкоўская апублікавала TikTok, у якім папрасіла гараджан назваць самыя змрочныя месцы Гродна. За некалькі дзён відэа сабрала амаль 600 каментароў. Hrodna.life вывучыў іх і склаў спіс з трох лакацый, якія паглыбляюць у гродзенцаў дэпрэсію.
Гродзенцаў адштурхваюць старыя дамы і дрэннае асвятленне
Сярод найбольш частых аргументаў на карысць «дэпрэсіўнасці» раёнаў гродзенцы вылучалі дрэннае асвятленне і транспартную камунікацыю, вялікую колькасць асоб маргінальнага віду на вуліцах, а таксама старыя будынкі, якім патрэбны рамонт.
Зрэшты, знайшліся і тыя, хто палічыў пустыры, прамзоны і хрушчоўкі “вайбовымі”.
@talkovskaya А вы с какого района? 😎#гродно #спальныйрайон #easterneurope #slavic #soviet #slavicculture #нарайоне ♬ molchat doma клетка – лида
1 месца: вуліца Дамброўскага
Свой голас за Дамброўскага аддалі больш за 20 удзельнікаў абмеркавання – вуліца стала лідарам па колькасці негатыўных водгукаў.
«Дамброўскага для мяне штосьці з фільмаў жахаў», — напісаў карыстальнік пад нікам Лол.
«Там усё старое і шэрае», – лічыць вікса.
“Вельмі змрочная вуліца, я туды не хаджу”, – падзялілася Юля.
Вольга вырашыла абараніць гонар вуліцы: «На вуліцы Лідскай я працавала ў кавярні «Спадчына». Там шмат было тых, хто сядзеў на хіміі. А вось Дамброўскага – рай!» – адзначыла жанчына.


2 месца: Фарты
Па колькасці галасоў другое месца занялі Фарты.
«Жыву тут. Увечары стромна на вуліцу выходзіць», – распавяла Наталля.
“Жудасць стары раён”, – напісаў адзін з карыстальнікаў.
“Там рэальна некамфортна”, – адзначыў negrodrill335.
Некаторыя гродзенцы, наадварот, лічаць што адна з галоўных пераваг старых Фартоў – вялікая колькасць зеляніны.
«Выдатны раён! Улетку вельмі шмат зеляніны. Развіта выдатна інфраструктура. А ў лістападзе мала раёнаў выглядаюць добра», – напісаў Аляксей.
«Па-мойму, тут вельмі ўтульна. Двары цікавыя, дамы, перапады вышынь. Улетку ўсё зялёнае, восенню яркае. Узімку таксама нармальна», – падзяліўся SHA.


3 месца: старая частка мікрараёна Фолюш
«На Фолюшы летам і зімой вельмі ўтульна і зелена. Восень зіма – жаданне вешацца», – лічыць berlin.
“Змрочны, але ў гэтага ёсць свой вайб нейкі”, – напісаў dart.
«Новыя дамы не значыць прыгожа і не змрочна. Куча ГЦ з дробнымі крамамі, як шапікі толькі гуртам. Мала дрэў. На старым Фолюшы адчуванне прытона», – падзялілася Дар’я.


Якія яшчэ вуліцы гродзенцам не даспадобы?
Адразу некалькі ўдзельнікаў абмеркавання адзначылі мікрараёны Дзевятоўка і Альшанка, а таксама вуліцы Паповіча і Камарова.
«Узімку поўная дэпрэсія, улетку настальгія і такі вайб СССР», – выказаўся пра вуліцу Паповіча карыстальнік OBLXKQ.
«Камарова на першым месцы, я там вырас! Дзякуй, хто застаўся жывы з гэтага раёна, нас мала. Астатнія ішлі да поспеху, але на жаль», – адзначыў Аляксей.
«У нас змрочных няма, у нас крыху запушчаныя. Пракаціцеся па Расіі – там амаль усе раёны змрок адзін», – рэзюміруе Den_bal.


