Будынак былой адміністрацыі Ленінскага раёна на пешаходнай вуліцы Савецкай прадалі. Ён пуставаў больш за два гады, і цану знізілі ўдвая.

Пераможцу таргоў вызначылі 19 лістапада на пляцоўцы электронных аўкцыёнаў et.butb.by. Пачатковая цана для таргоў была зніжана на 50% адносна таго, што хацелі атрымаць за гэтыя памяшканні год таму. Яна склала 4,23 млн руб. ($ 1,3 млн). Паведамлялі, што гэта самая нізкая магчымая цана, больш зніжаць яе не збіраліся.

Як толькі з’явяцца падрабязнасці ўгоды, мы іх апублікуем.

Будынак пустуе два з паловай гады

Адміністрацыя Ленінскага раёна перахала на новы адрас — Лермантава, 2 — яшчэ ў красавіку 2022 года. Пасля гэтага памяшканням у самым цэнтры Гродна, на пешаходнай вуліцы паспрабавалі знайсці гаспадара восенню 2023 года. Пачатковую цану выставілі ў 8,5 млн руб. Пакупніка не знайшлі, на працягу апошняга года адміністрацыю спрабавалі прадаць зноў, зніжаючы кошт.

Што за будынкі і якія ўмовы

Трохпавярховыя будынкі былой адміністрацыі 1795 года знаходзяцца на Савецкай, № 10 і № 14. Плошча аднаго памяшкання — амаль 1850 кв.м., другога — больш за 2300 кв.м. Ёсць скляпы, усе камунікацыі, пляцоўка для смеццевых кантэйнераў. Тэрыторыя двара абгароджана. Разам з ёй прадалі дарослыя дрэвы, якіх хапіла бы на міні-сквер — 13 елак, дзве ліпы і дуб. Пракладзены пешаходныя дарожкі.

Будынак мае статут гісторыка-культурнай каштоўнасці. Падчас распрацоўкі праектнай дакументацыі трэба будзе ўлічыць рэгламенты ахоўнай зоны, а праект узгадніць з Міністэрствам культуры. Пакупнік павінны будзе падпісаць ахоўнае абавязацельства і распрацаваць праект рэканструкцыі або рамонту за два гады. Увесці будынак у эксплуатацыю трэба не пазней, чым праз чатыры гады пасля пакупкі.

Горад планаваў здаваць памяшканні ў арэнду — пад гандаль або грамадскае харчаванне.