Штогод беларускі суд разглядае больш за 30 тысяч спраў, прысвечаных разводам. Іскі задавальняюцца ў 99,6% выпадкаў. Статыстыка, заснаваная на перыядзе з 2021 па 2023 год, з’явілася на інтэрнэт-партале Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь.

Часцей разводзяцца тыя, у каго ёсць дзеці

Штогод з 2021 па 2023 у судзе вялося больш за 30 тысяч шлюбаразводных працэсаў.

Распадаецца больш за 55% шлюбаў да ліку зарэгістраваных і «гэты працэнт, на жаль, расце», адзначае суддзя Вярхоўнага Суда Вера Кругава.

У 2023 годзе больш чым у 82% выпадках (24 963) шлюб скасоўваўся ў сем’ях, дзе былі непаўналетнія дзеці. Толькі ў 18% выпадкаў (5497) развод адбываўся паміж мужам і жонкай, якія не мелі дзяцей.

У 18% выпадкаў партнёры перадумваюць разводзіцца і справа спыняецца ў сувязі з прымірэннем бакоў.

Радзей за ўсё беларусы разыходзяцца з-за здрады, а ініцыююць разводы жанчыны

Ініцыятарамі скасавання шлюбу ў 72% выпадкаў становяцца жанчыны. Пры гэтым яны ў тры разы часцей за мужчын прысутнічаюць на судовых пасяджэннях.

Самай частай прычынай разводу (54%) становяцца непераадольныя адрозненні ў поглядах на далейшае жыццё і адсутнасць агульных інтарэсаў.

На другім месцы — паасобнае пражыванне на працягу доўгага часу (20%).

Далей ідзе ўзаемная страта кахання і павагі (10%), а таксама наяўнасць шкодных звычак у аднаго з партнёраў (10%).

З-за здрады ў Беларусі разводзяцца радзей за ўсё — у 7% выпадкаў.