Святочныя акцыі ў горадзе пачнуцца ўжо з сярэдзіны снежня. Запланаваны флэшмоб з бенгальскімі агнямі, запальванне ілюмінацыі і адкрыццё доміка Дзеда Мароза. Праграму мерапрыемстваў апублікаваў Гродзенскі гарвыканкам. Пакуль вядомы толькі даты падзей, без дакладнага часу.
13 снежня, парк Жылібера і плошча Леніна
На лакацыі з’явіцца інтэрактыўная пляцоўка з жывымі хаскі, Чабурашкам і сімвалам надыходзячага года — чатырохметровай змяёй. Будзе і алея дызайнерскіх ёлак.
На плошчы Леніна пасля запальвання ілюмінацыі адбудзецца флэшмоб з бенгальскімі агнямі і канцэрт.
16 снежня, Цэнтр рамёстваў (вул. Рэйманта, 12)
У гарадскім маёнтку Дзеда Мароза, які знаходзіцца ў Цэнтры рамёстваў, адбудзецца інтэрактыўны паказ для дзяцей па матывах казкі «Марозка».
20 снежня, Савецкая плошча
У гэты дзень адбудзецца шэсце Дзядоў Марозаў і Снягурак, праедзе аўтакартэж і запаляць ілюмінацыю на Савецкай плошчы.
Там жа адкрыецца абноўлены домік Дзеда Мароза. Пакуль гарвыканкам трымае ў сакрэце, на чым прыедзе галоўны персанаж вечара. Але дае гараджанам падказку: «сустрэнем яго на Леванабярэжнай».
1 студзеня, Савецкая плошча
З гадзіны ночы да чатырох раніцы на плошчы пакажуць шоу «Лёд і рок» з феерверкам.
Чытайце таксама: Паглядзіце, як Гродна ўпрыгожваюць напярэдадні Новага года