У гродзенскай «Спецаўтагаспадарцы» падрыхтаваліся да цыклону: загадзя закупілі 17 тысяч тон супрацьгалалёдных матэрыялаў і выдзелілі машыны. Цяпер, каб прадухіліць лёд на дарогах, іх пачынаюць апрацоўваць супрацьгалалёднымі сродкамі за тры гадзіны да прагназуемага сіноптыкамі мінуса.

Папярэдняй ноччу ў Гродне было да -1. Прычынай стаў атмасферны фронт з-за цыклону над Баранцавым морам, расказалі ў САГу для «Гродно Плюс».

Сёлета загадзя купілі 11 тон пясчана-саляной сумесі і 5 тон галіту маркі «Б». Для ачысткі вуліц ад снегу ў прадпрыемства ёсць 70 спецыялізаваных машын, у тым ліку 25 машын на базе «МАЗа» для пасыпкі пясчана-саляной сумессю і 23 трактары «МТЗ» з паліцамі і шчоткамі.

Мінулай зімой у Беларусі эксперыментавалі з новымі рэагентамі — у супрацьгалалёдную сумесь дадавалі спецыяльны кампанент, распрацаваны ў беларускай Акадэміі навук. Ён павінен быў знізіць агрэсіўнае ўздзеянне рэагента на аўтамабілі, абутак, лапы жывёл і расліны прыкладна на 40%. Аб яго выкарыстанні і закупцы сёлета ў Гродне, як і ў астатніх гарадах, пакуль не паведамлялі.

Першы снег ужо прыйшоў у Гродна, хоць пакуль не ляжыць. Магчыма, на гэты раз зіма не заспее камунальнікаў знянацку — год таму іх працай была незадаволеная нават Дзяржаўтаінспекцыя.

Чытайце таксама: 280 тысяч лямпачак і зорнае неба: як упрыгожаць Гродна да зімовых свят