Універмаг «Мінг» размясціўся ў будынку былога прыгараднага аўтавакзала на вуліцы Чырвонаармейскай, 7. У асартыменце: тавары для дома, цацкі, спартыўны інвентар і адзенне. Hrodna.life паглядзеў, што кажуць пра «Мінг» гродзенцы, якія ўжо паспелі там пабываць.
Што пачым: цацкі ад 3,5 руб., пасцельная бялізна па 60 руб.
Па сваёй канцэпцыі «Мінг» падобны да Fix Price і «Тры цаны» — крамаў, дзе прадстаўлены асартымент па невысокіх коштах.
Напрыклад, у «Мінг» можна купіць ступку для спецый за 19 руб., лыжка з пластыкавай ручкай абыдзецца ў 4,90 руб., а набор для грылю каштуе 13,90 руб.
Ёсць у краме і шмат тавараў з пластыку. Напрыклад, сурвэтніца за 3,90 руб., таз за 19 руб. і дэкаратыўная сметніца за 15,90 руб. Дзіцячыя формачкі для пяску каштуюць па 3,50 руб., машынка для выдзімання мыльных бурбалак — 15,90 руб.
Ёсць у «Мінг» і тавары для дома, напрыклад, набор пасцельнай бялізны абыдзецца ў 59 руб. Сярод прадметаў гардэроба — жаночыя сумкі па 59,90 руб. і капелюшы.
Гродзенцы пра краму: «Драбязы сапраўды шмат»
Некаторыя гродзенцы ўжо паспелі пратэсціраваць краму і дзеляцца сваімі водгукамі. На Яндэкс Картах «Мінг» атрымаў 2,9 зоркі на аснове 27 адзнак.
«Крама на аматара. Цэны завышаныя. Прадаўцы ў тэлефонах. Той выпадак, калі пачалі за здароўе, а далей вы ведаеце. Адзіны плюс, гэта калі да маршруткі ці аўтобуса гадзіну трэба пагуляць, то можна зайсці», — напісала Дар’я.
«Некаторыя рэчы дарагія, але посуд круты і па добрых цэнах», — адзначыў карыстальнік пад нікам «Сковорода Великая».
У TikTok гродзенцы таксама адзначылі недастатковую разнастайнасць асартыменту і адсутнасць некаторых тавараў.
«Драбязы сапраўды шмат. Хацелася б бачыць складныя тазы, друшлякі, міні пральныя машыны, электроніку, абутак», — лічыць Вольга.
«Быў, калі ён адчыніўся, і зусім нядаўна. Тавараў стала значна менш і ў асноўным адкрыты шырспажыў», — напісаў primula.