Каркасы будучых ёлак з’явіліся на вуліцах Урублеўскага і Ліможа ўжо 30 кастрычніка. Запальваюць у Гродне і святочную ілюмінацыю. Гродзенцы дзеляцца першымі ўражаннямі і, здаецца, яны задаволены.

Гродзенцы: «Ужо адчуваецца навагодні вайб»

Першыя каркасы ёлак з’явіліся на вуліцы Урублеўскага і на Ліможа, паведамляе «Гродна Плюс». У папярэднія гады мантаж ёлак у Гродне таксама пачыналі да наступлення каляндарнай зімы. Аднак звычайна да работ прыступалі бліжэй да канца лістапада.

З’яўляецца ў горадзе і святочная ілюмінацыя. Гродзенка Алеся апублікавала ў Tiktok відэа, у якім паказала, як Савецкую плошчу ўпрыгожылі каляднымі агеньчыкамі.

@olesiabaklaha

♬ оригинальный звук — Олеся Баклага

Гараджане ацанілі святочную атмасферу нягледзячы на ​​тое, што ў Гродна яна прыйшла дастаткова рана.

«Ужо адчуваецца навагодні вайб», — напісала Даша.

«Я ў Гродне жыву, і ў Гродне заўсёды Новы год рана», — лічыць карыстальніца пад нікам nikol.

«Гродна наперадзе ўсёй планеты. Сёння заўважыла ў суседнім доме навагоднія ліхтарыкі на вокнах», — распавяла Gabrielle_in_me.

Гродзенцы дадаюць, што святочная атмасфера паступова заваёўвае горад. Так людзі ўжо бачылі ёлкі ў ГЦ «Трыніці», а таксама ўпрыгожаныя агеньчыкамі дрэвы каля прадпрыемства «Белкард».

Ёсць яшчэ адна краіна, якая старанна набліжае зімовыя святы

Сёлета прэзідэнт Венесуэлы Нікалас Мадура абвясціў, што Раство ў яго краіне адзначаць не 25 снежня, а 1 кастрычніка.

Заява аб пераносе Калядаў была зробленая праз некалькі гадзін пасля таго, як пракуратура выдала ордар на арышт Эдмунда Гансалеса Урутыя — лідара апазіцыі, які быў супернікам Мадура на прэзідэнцкіх выбарах.

Мяркуецца, што рашэнне аб пераносе Раства было прынята, каб адцягнуць увагу жыхароў краіны ад палітычнага крызісу.