Звязаны з сілавікамі Telegram-канал “Гродненские сливы” сцвярджае, што яго аўтары пагутарылі з “экспертамі” і даведаліся, чаму партал s13.ru прызналі “экстрэмісцкім”. Пост перадрукавала абласная газета “Гродзенская праўда” і шэраг іншых афіцыйных каналаў. Пераказваем, пра што там гавораць.
Чаму s13.ru прызналі “экстрэмісцкім” — версія сілавікоў
“Гродненские сливы” сцвярджаюць, што s13.ru у 2020 годзе нібыта актыўна публікаваў матэрыялы апазіцыі, а ўладам і праўладным актывістам адмаўляў у публікацыі. На думку аўтараў, партал ператварыўся ў “навінавы агрэгатар прыхільнікаў пераменаў”.
“Пасля таго, як улады навялі парадак і мадэрнізавалі заканадаўства s13 пастараўся максімальна зачысціць усе сляды сваёй дзейнасці ў жніўні 2020-га. Зарабляць на рэкламе трэба было працягваць, а ўласнае меркаванне і пазіцыю трэба было схаваць, да пары», — пішуць “Гродненские сливы”.
У канале правялі паралель паміж s13.ru і “вельмі вядомым інтэрнэт-рэсурсам”, прызнаным “тэрарыстычнай арганізацыі”. Верагодна, маецца на ўвазе праект NEXTA альбо TUT.BY (апошні, праўда, прызнаны ў Беларусі толькі “экстрэмісцкай арганізацыяй”). Прычынай гэтага стала тое, што s13.ru дзяліўся позвай фондаў і ініцыятыў, якія пазней прызналі «экстрэмісцкімі».
Таксама “эксперты” папракнулі партал у “гульні з загалоўкамі”: s13.ru перадрукоўваў матэрыялы афіцыйных выданняў са змененымі загалоўкамі – нібыта праз гэта чытачы мянялі стаўленне да матэрыялаў дзяржаўнай прэсы.
Пры гэтым на самай справе s13.ru быў у апошнія гады апалітычным агрэгатарам мясцовых навін, з сайта былі выдаленыя ўсе спасылкі на крыніцы, прызнаныя «экстрэмісцкімі», ён перадрукоўваў у асноўным матэрыялы дзяржвыданняў.
Якія ў сілавікоў прэтэнзіі да ўладальніка s13.ru Сяргея Чабоцька
У канале сцвярджаюць, што да ўладальніка партала Сяргея Чабоцькі можа быць больш пытанняў, чым проста «экстрэмізм». Напрыклад, праваахоўныя органы паабяцалі разабрацца, як у s13.ru плацілі супрацоўнікам грошы і адкуль іх бралі.
У віну Чабоцьку паставілі і тое, што ён з’явіўся на фота з сустрэчы з Аляксандрам Мілінкевіч на Савецкай плошчы ў Гродне. Верагодна, гэта фота 2006 года, калі Мілінкевіч быў адным з лідараў апазіцыі, кандыдатам у прэзідэнты. Сустрэчы з ім збіралі многіх гродзенцаў.
Чытайце таксама: У Гродне бацькам школьнікаў пагражаюць пастаноўкай на СНС за падпіску на s13.ru



