Руіны незвычайнай капліцы-усыпальніцы на левым беразе ракі Валоўка пад Навагрудкам расчысцілі ад зарасцяў і смецця. Капліца была збудавана ў рэдкім для Беларусі егіпецкім стылі.
Капліца стаяла на пагорку паміж вёскамі Суляцічы і Іспась, за 9 км ад Навагрудка. Яна была пабудавана ў пачатку ХІХ стагоддзя і зруйнаваная ў савецкі час. Зараз ад капліцы засталася частка сцяны і падмуркі, якія моцна зараслі. Ад зарасніка і смецця іх расчысцілі валанцёры каталіцкай супольнасці разам з калектывам «Радыё Марыя». Фота з вынікамі працы добраахвотнікаў апублікаваў ксёндз Юрый Жэгарын. Святар таксама падзякаваў раённай уладзе, старшыні Навагрудскага выканкама і вальшчыкам Навагрудскага лясгаса за спрыянне і дапамогу.



Гэта адзіны прыклад «егіпецкага» ордэра, які захаваўся ў Беларусі, сведчыў архітэктар Аляксей Яроменка.

Гэта ўжо другая падобная акцыя для захавання архітэкстурнай спадчыны Беларусі, піша партал Katolik Life. У жніўні 2024 года вернікі-добраахвотнікі фарбавалі фасад старадаўняга драўлянага касцёла і добраўпарадкавалі склеп-пахавальню ў вёсцы Хоўхлава Маладзечанскага раёна.
Чытайце таксама: У Гродзенскай вобласці адкрылі для турыстаў 400-гадовае падзямелле. На ўсю Беларусь такіх толькі два
Што такое егіпецкі стыль і як ён трапіў у Беларусь?
Егіпецкі стыль — кірунак у еўрапейскім мастацтве, які вызначаюць выкарыстаннем элементаў мастацтва старажытнага Егіпта. Найбольшы рост цікавасці да яго ў Еўропе адбыўся ў канцы XVIII — пачатку XIX стагоддзяў і быў звязаны з паходам Напалеона ў 1798 годзе. Архітэктары і мастакі былі зачараваныя манументальнасцю, строгімі формамі і сімволікай. Егіпецкі стыль стаў папулярным не толькі ў архітэктуры, але і ў дэкаратыўным мастацтве, мэблі, модзе і дызайне інтэр'ераў. Яго матывы ўвабраў у сябе стыль ампір. Наступная хваля цікаўнасці прыйшла ў пачатку ХХ стагоддзя.



Асноўныя асаблівасці егіпецкага стылю ў архітэктуры і скульптуры:
- пілоны — масіўныя нахіленыя сцены пры ўваходзе;
- абяліскі — высокія стэлы з пірамідальнай вяршыняй;
- скульптуры сфінксаў;
- калоны з капітэлямі ў форме папіруса ці лотаса;
- дэкор з характэрнымі геаметрычнымі ўзорамі і імітацыяй іерогліфаў.
У Беларусі егіпецкі стыль не быў такім распаўсюджаным, як у Заходней Еўропе, але ўсё ж меў свае прыклады, у прыватнасці, у могілкавай скульптуры.