Галаграфічныя дысплеі з 3D кантэнтам змантуюць у горадзе. На іх будуць паказваць геральдычныя сімвалы Беларусі і Гродна. Дзяржаўных сцягоў і сімвалаў у гарадской прасторы з’яўляецца ўсё больш.

У дысплея будзе люстраны корпус 2×2,3 м. Мяркуючы па фота, іх размесцяць у фае гарвыканкама.

Дысплеі ўсталююць з 4 па 28 лістапада. Пакуль Гродзенскі гарвыканкам праводзіць запыт цэнавых прапаноў. На гэта выдаткуюць 82 704 рублі. Іх возьмуць з гарадскога бюджэту.


У Гродне з’яўляецца ўсё больш дзяржаўнай сімволікі. На плошчы Савецкай усталююць флагшток вышынёй з Фарны касцёл. Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», у Гродне неўзабаве дзяржаўныя сцягі могуць з’явіцца на кожным жылым шматпавярховым доме. Старшыняў жыллёва-будаўнічых кааператываў у Гродне гэтай восенню актыўна пачалі выклікаць у мясцовыя выканкамы.