Кватэра займае першы паверх аднаго са старажытных сядзібных дамоў на Міцкевіча, 14, у раёне драўлянай гарадской забудовы Новы Свет. Сто гадоў таму тут жыла гродзенская эліта. Дом быў пабудаваны ў пачатку стагоддзя і належаў доктару.

Абвестка пра продаж нетыповая: замест апісання кватэры ў ёй падрабязна расказваюць гісторыю вуліцы Міцкевіча і ваколіц, а таксама жыхароў яе дамоў. Успомнілі і спецыяліста па ўнутраных хваробах доктара Мараўскага, які ў 1920–30-я гады прымаў хворых у доме №14, дзе прадаецца кватэра. 

У кватэры два пакоі, кухня, сумешчаны санвузел і трохметровыя столі. Яна прадаецца амаль без мэблі, з недарагім касметычным рамонтам. Сцены абклеены шпалерамі, падлогі драўляныя, фарбаваныя класічнай падлогавай фарбай. Агульная плошча кватэры – 46,8 кв. м, з іх 5, 8 кв. м займае кухня.

Дом №14 па вуліцы Міцкевіча драўляны, на добрым падмурку, з мезанінам, высокім ганкам і казырком над уваходам. Дэкор стрыманы – вокны і дзверы з філёнгамі, мезанін упрыгожаны зубчастым карнізным поясам. У аб’яве год пабудовы адзначаны як 1945, але дом відавочна старэйшы.

Кошт кватэры – $ 36 500.

Чытайце таксама: Нерухомасць тыдня: параўнайце тры кватэры ў раёне унікальнай драўлянай забудовы ў Гродне