У Слоніме разглядаюць адміністрацыйную справу супраць прыходу храма Святой Жываначальнай Троіцы за парушэнні ці дзеянні, якія ствараюць пагрозу гісторыка-культурнай каштоўнасці. Сёлета Свята-Троіцкую царкву XVII стагоддзя пафарбавалі ў ярка-зялёны колер, а яшчэ раней усталявалі несувымерныя залатыя купалы-цыбуліны.
Пра адміністрацыйную справу стала вядома з адказу Слонімскага райвыканкама на зварот, які апублікаваў канал «Спадчына». Троіцкая царква з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю рэспубліканскага значэння. У XVII стагоддзі такога колеру, у які пафарбавалі фасады будынка зараз, не магло быць праз адсутнасць тады ўстойлівых пігментаў, зазначаў канал раней. Апошнія гады Троіцкая царква была афарбаваная ў пастэльна-зялёны колер, а раней фасады былі проста пабеленыя. Дакладны арыгінальны колер помніка невядомы і можа быць вызначаны толькі праз фізіка-хімічныя даследаванні. Агулам зялёны колер на фасадах быў рэдкім да XX стагоддзя праз дарагавізну і непрактычнасць.
Купалы могуць выправіць на больш гістарычныя
У 2015 годзе прыход ужо прыцягвалі да адказнасці за адміністрацыйнае правапарушэнне пры будаўнічых працах. Тады на храме незаконна ўсталявалі несувымерна вялікія залатыя купалы-цыбуліны.
У 2020 годзе пад кіраўніцтвам Н. У. Голасавай пачалі навукова-даследчыя работы на аб’екце «Комплекс манастыра бернардзінцаў: касцёл (Троіцкая царква)». Іх прыпынілі праз адсутнасць грошай у прыходзе. У 2024 годзе навуковы кіраўнік працягне працу і распрацоўку навукова-абгрунтаваных рашэнняў для ўзгаднення замены купалоў з Міністэрствам культуры, удакладнілі ў адказе на зварот.
Чытайце таксама: У касцёле ў Гервятах цагляныя фасады рамантуюць цэментам. Гэта шкодзіць помніку