Беларусы на мяжы сутыкнуліся з новай праверкай — выклікаюць сваякоў тых, хто жыве за мяжой. У Гродне неўзабаве дзяржаўныя сцягі могуць з’явіцца на кожным жылым шматпавярховым доме. На некаторых прадпрыемствах Гродзенскай вобласці супрацоўнікаў прымушаюць насіць значкі з чырвона-зялёнай сімволікай. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 14 па 20 кастрычніка.
«Хімікаў» пераводзяць у калонію
Мінімум 26 былым палітвязням у кастрычніку плануюць замяніць «хатнюю хімію» на калонію. Вядома, што некаторыя з іх пасля вызвалення з СІЗА пакінулі краіну, таму суды фактычна праходзяць завочна. Тых былых палітвязняў, якія застаюцца ў Беларусі, пасля суда змяшчаюць пад варту і пераводзяць у калоніі, паведамляе «Вясна».
Новая «экстрэмісцкая» інфармацыя
Суд Ленінскага раёна Гродна прызнаў экстрэмісцкім Telegram-чат пад назвай «ЧАТ ДВИЖ».
Значкі на прадпрыемствах
На некаторых прадпрыемствах Гродзенскай вобласці супрацоўнікаў прымушаюць насіць значкі з чырвона-зялёнай сімволікай. А таксама — ляпіць налепкі на чахол тэлефона з гербам або сцягам. У выпадку адсутнасці пагражаюць пазбаўленнем прэміі, паведамляе Telegram-канал «Суды, задержания. Гродно и область».
Шэсць жыхароў вобласці судзяць за «экстрэмізм»
На тыдні суды па арт.19.11 КаАП «Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць» прайшлі ў Гродне, Воранаве, Смаргоні, Астраўцы, Зэльве, Ваўкавыску. Сярод іх, верагодна, супрацоўніца «Беллакт».
Палітвязню Сяргею Занямонскаму, верагодна, узмоцняць пакаранне
Працэс «Аб замене абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу» праходзіў 17 кастрычніка ў судзе Ленінскага раёна Гродна. Суддзя — Наталля Козел, паведамляе Telegram-канал «Право имеют».
Сяргея Занямонскага судзілі ў жніўні яшчэ з трыма гродзенцамі паводле ч. 1 арт. 342 КК «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». Прысуд яму быў невядомы. Мужчыну ўнеслі ў «спіс экстрэмістаў».
Новыя «экстрэмісты»
Саўко Віталь Валер’евіч і Бурдзеня Андрэй Яўгенавіч 18 кастрычніка папоўнілі спіс «экстрэмістаў».
Беларусы на мяжы сутыкнуліся з новай праверкай
«Нашай Ніве» стала вядома, што на мяжы Беларусі з Еўрасаюзам беларускія спецслужбы часам выклікаюць на асабістую гутарку новую катэгорыю людзей — бацькоў, чые дзеці жывуць за мяжой. Сітуацыя адбылася нядаўна на беларуска-польскай мяжы, калі турыстычны аўтобус вяртаўся з экскурсійнай паездкі. Суразмоўца «Нашай Нівы» распавёў, што сярод падарожнікаў не было людзей, якія раней прыцягваліся па пратэставых артыкулах, — гэта высвятлялі яшчэ перад пад’ездам да мяжы.
Дзяржаўных сцягоў на беларускіх шматпавярхоўках стане больш
Па інфармацыі «Нашай Нівы», у Гродне неўзабаве дзяржаўныя сцягі могуць з’явіцца на кожным жылым шматпавярховым доме. Старшыняў жыллёва-будаўнічых кааператываў у Гродне гэтай восенню актыўна пачалі выклікаць у мясцовыя выканкамы. Там, паводле інфармацыі крыніцы, ім пад распіску даводзілі, што да канца кастрычніка на іх доме абавязкова павінен быць усталяваны дзяржаўны сцяг. Набываць і ўсталёўваць сімволіку жыхары павінны за свой кошт.
Блогер Дзім Дзімыч падаў у суд на Бондараву. Раней з ёй судзіўся яго прадзюсар
Блогер Дзмітрый Сіўчык (Дзім Дзімыч), падапечны прадзюсарскага цэнтра «Флагман М’юзік», падаў у суд на актывістку Вольгу Бондараву. Пра гэта Вольга заявіла ў сваім Telegram-канале. Артыкул, у рамках якога будзе ісці разбіральніцтва, невядома.
На «Гродна Азот» несвоечасова парамантавалі сістэму пажаратушэння
На нарадзе ў «Гродна Азот» «востра стала пытанне» несвоечасовай ліквідацыі недахопаў у сістэме пажаратушэння цэха гідраравання бензолу. Кіраўніцтва падкрэсліла, што гэта асабліва важна «ў сітуацыі палітычнай нестабільнасці вакол Рэспублікі Беларусь».
«Суддзя не разабраўся, але хоць залы прасторныя». Што гродзенцы думаюць пра суды?
Мяркуючы па водгуках, суды гродзенцы альбо любяць, альбо ненавідзяць. Яны добра спраўляюцца з разводамі і горш — з аліментамі. А яшчэ гродзенцы наракалі на маленькія паркоўкі і нязручныя прыбіральні. Рэдакцыя Hrodna.life паглядзела водгукі ў Google Maps і Яндекс.Карты на ўсе гродзенскія суды (і нават знайшла пазітыўныя водгукі).