Ад 800 рублёў да $2000 трэба гродзенцам для камфортнага жыцця ў горадзе. Такія адказы атрымалі журналісты “Гродзенскай праўды”, правёўшы апытанне на вуліцы сярод гараджан. Аўтары відэа адзначылі, што сярэдні заробак у Гродзенскай вобласці ў жніўні склаў 2123 руб. Праўда, з такімі лічбамі пагадзіліся далёка не ўсе – у каментарах пад відэа гродзенцы абураюцца.

Пенсія ў 800 рублёў разыходзіцца цалкам, але агарод ратуе

Першы рэспандэнт адказаў, што яму дастаткова 800 рублёў на “транспарт, таксі і паесці”. Другі малады чалавек лічыць, што для камфортнага жыцця ў Гродне патрэбна каля $2000. Гэтыя грошы ідуць на арэнду “прыгожай, утульнай кватэры-студыі, свежыя прадукты, на падарункі блізкім і на дапамогу родным”. У трэцяга гараджаніна катэгорыі выдаткаў падобныя: кватэра, харчаванне і забаўкі. Але на гэта яму патрабуецца дзве тысячы рублёў.

Адзіная ў апытанні пенсіянерка адзначыла, што яе 840 рублёў разыходзяцца поўнасцю. “На падарункі. У мяне тры ўнукі, нявестка, зяць, дачка, сын – у нас свят вельмі шмат. На харчаванне 30% ідзе, калі ўзяць у разлік, што ў мяне на дачы ўсё расце», – адзначыла жанчына.

Каментатары: “Астатнія фінансавыя пытанні закрывае мама”

У каментарах людзі выказалі недавер да адказаў гродзенцаў. «Першы персанаж вельмі цікавы ў куртцы брэнда Томі Хілхілгер! Астатнія пытанні фінансавыя маці закрывае ці прафсаюз?» – пацікавіўся карыстальнік пад нікам Santehnik24minsk.by.

“Смех проста з сярэдняй 2500. Зайдзіце на сайты працадаўцаў і атрымаеце да 1200-1400”, – адзначыў HellFox.

«Яны і гэтую ЗП не плацяць. Здымаюць за ўсё, аклады мінімальныя, планы нерэальныя», – лічыць Пётр.

“Бессумленная прапаганда рэжыму”, – рэзюмаваў Riks.

Паводле статыстыкі Белсату, у жніўні 2024 года сярэдняя намінальная зарплата ў Гродзенскай вобласці склала 2123 руб., у Гродне – 2275 руб. Намінальная налічаная зарплата – гэта зарплата да выліку падаткаў і страхавых адлічэнняў. Гэта значыць, на рукі супрацоўнік атрымлівае менш. Трэба адабраць 13% падаходнага падатку і 1% унёскаў у Фонд сацыяльнай аховы насельніцтва.

Спыталі меркаванне студэнтаў, а пра дарослых людзей забыліся

Апытанне сярод гродзенцаў праводзілі журналісты “Гродзенскай праўды”. Аднак у якасці рэспандэнтаў яны выбралі маладых людзей 20 гадоў і толькі адну пенсіянерку. Адказаў аб сярэднім заробку ад гараджан сярэдняга ўзросту, сем’яў з дзецьмі або людзей, якія дапамагаюць пажылым бацькам – няма.