Колькасць вакансій у Гродне за год вырасла ўдвая. 64% ад іх агульнай колькасці - гэта вакансіі рабочых. Рэдакцыя Hrodna.life на сайце Цэнтра занятасці вывучыла буйныя прадпрыемствы горада і паглядзела, дзе не хапае рабочых і колькі ім гатовыя плаціць.
«Гродна Азот»
На прадпрыемстве налічылі 560 вакансій. Шукаюць апаратчыкаў, слесараў, токараў, рабочых, падсобных рабочых, машыністаў. Таксама шукаюць і начальнікаў. У залежнасці ад спецыялізацыі ім гатовыя плаціць ад 800 да 2200 рублёў. Разбежкі ў зарплаце вялікія. Напрыклад, слесар аварыйна-аднаўленчых работ, як пазначана, можа атрымліваць 860−1500 рублёў.
«Гроднаэнерга»
На прадпрыемства шукаюць 201 супрацоўніка: кіроўцаў, майстроў, слесараў, электраманцёраў. Электраманцёру заплацяць 650 рублёў. Кіроўцу на 0,3 стаўкі - 187,8 рублёў. Майстру — 1350−1750 рублёў. Цікава, што тут мяняецца дырэктар — яго прызначаць з ліку работнікаў.
«Гродзенскі мясакамбінат»
Тут ёсць 75 вакансій. Акрамя слесараў і токараў, ёсць свая спецыфіка — шукаюць жылоўшчыкаў і расфасоўшчыкаў. Сярэдні заробак — 1500−1800 рублёў. Жылоўшчыку гатовыя плаціць да 2300 рублёў.
«Белкард»
196 супрацоўнікаў шукаюць на «Белкард». Шукаюць мантажнікаў (1210−540 рублёў), зубарэзчыкаў (1100−1200 рублёў), слесараў (1100−1450), аператараў (1000−1200). Больш за іншых заробяць: зубашліфоўшчык — 3000−4000 рублёў, наладчык халоднаштамповачнага абсталявання — 1900−4500, каваль-штампоўшчык — 2500−4200 рублёў.
«Лакафарба» (Ліда)
77 вакансій адкрыта на прадпрыемстве. Шукаюць слесараў, наладчыкаў, электраманцёраў, апаратчыкаў, кухонных рабочых. Кухонны рабочы атрымае 809 рублёў, а майстар — 1901 рублёў.
«Смаргонскі агрэгатны завод»
Тут адкрыта 25 вакансій. Патрэбен электраманцёр, слесар-рамонтнік, машыніст крана. Сярэдні заробак — 1200−1500 рублёў. Але токары атрымліваюць па 3000 рублёў.
Значна менш вакансій ёсць на ААТ «Гродзенская тытунёвая фабрыка «Нёман», ААТ «Малочны мір», СТАА «Контэ Спа».
Чаму рабочых не хапае ў Гродне?
Былы прававы інспектар прафзвязу РЭП Леанід Судаленка ўважае за прычыну недахопу працоўных эміграцыю.
Я бачу [прычыны] менавіта ў незадаволенасці тымі ўмовамі працы, якія прапаноўвае беларускі наймальнік. Што ён можа прапанаваць, калі незалежныя прафсаюзы знішчаны, асабліва пасля падзей 2020 года? Тыя прафсаюзы, якія існуюць, — гэта фактычна аддзяленні адміністрацыі Лукашэнкі на гэтых заводах. Акрамя гэтых дзяржаўных прафсаюзаў, яшчэ ідэолагаў там паўводзілі - намеснікаў гэтых дырэктараў, кіраўнікоў прадпрыемства па ідэалогіі. То бок, людзі вельмі зажатыя, і не кожны можа пагадзіцца працаваць у такіх зжатых умовах, — распавёў ён у інтэрв'ю Hrodna.life.
Чытайце таксама: «Што просты „Іваноў“ можа зрабіць адзін?» Разбіраемся з юрыстам, навошта патрэбны прафсаюзы і чаму ў Гродне недахоп працоўных?