Дзве шэрыя вароны — Валя і Валера - прылятаюць на балкон да гродзенкі Ганны Дашчэчкі амаль кожны дзень. Усё з-за таго, што дзяўчына здолела іх прыручыць і цяпер нават падкармлівае з рук каўбасой. На незвычайнае сяброўства звярнула ўвагу Zerkalo.io.
Адрознівае птушак па дзюбах і рыхтуе для іх пачастункі
Усё пачалося з таго, што адна з птушак прыляцела да Ганны на балкон. Дзяўчына паказвала вароне курынае яечка, а тая пільна назірала. «Яна як пад гіпнозам — адкрыла дзюбу і нікуды не злятае. Не баіцца зусім, я ў шоку», — дзялілася ў сваім TikTok гродзенка.
@kimulechka Валя жадина) #валя_и_валера #funnybirds #приручаюворон ♬ оригинальный звук — kimulechka
Перыядычна да Ганны прыляталі і іншыя вароны, але сяброўства завязалася з двума «пастаяннікамі». Пасля дзяўчына дала ім імёны — Валя і Валера. Гродзенка адрознівае птушак па памерах і дзюбах. «У Валі меншая дзюба, Валера — буйнейшы і выглядае крыху суровей. А Валя такая дама-мадама», — адзначае дзяўчына.
Да кожнага прылёту птушак Ганна рыхтуе для іх прысмакі: яечную шкарлупіну, сыр, грэцкія гарэхі і нават крывяную каўбасу. Вароны давяраюць дзяўчыне і дзюбаюць ежу прама з яе рук.
Сёлета на балкон да гродзенкі сталі прылятаць і птушаняты Валі і Валеры. Праўда, пакуль яны вядуць сябе больш асцярожна, чым бацькі.
Вароны — не адзінае захапленне гродзенкі
Нягледзячы на тое, што TikTok Ганны прысвечаны варонам, перыядычна ў блогу з’яўляюцца відэа і з іншымі жывёламі. Дзяўчына распавядала, што выратавала маленькага пацука, якога знайшла ў пад’ездзе. Таксама яна здымала гусака, які купаўся ў лужыне. Ганна суправадзіла ролік подпісам «Глядзіце, што за хараство». Ёсць у гродзенкі і хатнія жывёлы — ёрк і два рудыя каты.