Сёлета па ўсёй Гродзенскай вобласці гасцей прымаюць 267 аграсядзіб. Гэта амаль у два разы менш, чым у 2021 годзе. Нягледзячы на папулярнасць сярод турыстаў, колькасць аграсядзіб скарачаецца ва ўсіх раёнах вобласці. Hrodna.life прааналізаваў, як змянялася сітуацыя за апошнія гады.
Гродзенская вобласць: у 2016 сітуацыя была лепш, чым у 2024
У 2016 годзе ў Гродзенскай вобласці налічвалася 324 аграсядзібы, праз тры гады — 394. Пасля іх колькасць узрастала і дасягнула піку ў 2022 годзе — каля 450 сядзіб. Далей сядзіб у вобласці станавілася менш і ў 2024 годзе іх засталося 267.
За чатыры гады Гродзенскі раён страціў больш за палову аграсядзіб
Да 2020 года ў Гродзенскім раёне працавала 110 аграсядзіб. Але ў 2024 годзе іх засталося менш за палову — 50.
Падобная сітуацыя назіраецца і ў іншых раёнах вобласці. Напрыклад, летась у Лідскім раёне было 24 аграсядзібы. Сёлета, згодна з сайтам Grodno Visa Free — 11 аграсядзіб.
Антылідар у гэтым спісе — Воранаўскі раён, дзе колькасць аграсядзіб зменшылася з 22 да 3. У Смаргонскім іх колькасць паменшылася 19 да 17, а ў Шчучынскім — з 17 да 14 аграсядзіб.
Спад назіраецца і на Дзятлаўшчыне. Напрыклад, у 2021 годзе там было зарэгістравана 15 аграсядзіб. Сёлета засталося толькі тры — «Раднік», «Каля дуба» і сядзіба ў вёсцы Накрышкі. Але, па словах галоўнай спецыялісткі сектара спорту і турызму райвыканкама Наталлі Калодкі, аграэкатурызм застаецца «адным з прыярытэтных напрамкаў».
Чаму так адбываецца?
Адной з магчымых прычын скарачэння колькасці аграсядзібаў мог стаць указ Лукашэнкі № 351 «Аб развіцці аграэкатурызму», які набыў моц са студзеня 2023.
Ён прынёс новыя патрабаванні да аграсядзіб. Цяпер яны павінны аказваць у комплексе не менш як два віды паслуг, весці асабістую падсобную гаспадарку або вытворчасць і перапрацоўку прадукцыі, знаёміць гасцей з прыроднымі сельскагаспадарчымі і архітэктурнымі аб’ектамі, нацыянальнымі традыцыямі. Нельга мець больш за 10 жылых пакояў, інакш бізнес аднясуць да катэгорыі міні-гатэля і прадпрымальніцкай дзейнасці. Участак павінен быць добраўпарадкаваны, даступны людзям з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, мець зручныя пад’язныя шляхі і паркоўку.
Перарэгістрацыю трэба было прайсці да 1 ліпеня 2023 года. Але частка ўладальнікаў аграсядзібаў гэтага або не зрабілі, або не змаглі атрымаць рэгістрацыю згодна з новымі патрабаваннямі.