У цэнтры Гродна, паміж чыгуначным і аўтавакзалам, на продаж выставілі ўчастак з драўляным домам. Дзякуючы выгаднай лакацыі прадавец прапануе перарабіць дом пад офіс або кафэ. Адпаведная інфармацыя з’явілася на сайце гродзенскага агенцтва нерухомасці «Цэнтр жылля».
Участак з аднапавярховым драўляным домам 1958 года пабудовы знаходзіцца на вуліцы Будзёнага, 7. Уласна дом чатырохпакаёвы, там ёсць асобная кухня, абсталяваны санвузел і веранда. Аднак памяшканням патрабуецца рамонт.
Дом злучаны з цэнтральнымі камунікацыямі - праведзены электрычнасць, ацяпленне і газ, таксама ёсць водазабеспячэнне.
На ўчастку агульнай плошчай 0,0698 га можна пабудаваць гараж або лазню. Але прадавец адзначае, што лакацыю можна выкарыстоўваць пад уласны або арэндны бізнес. Напрыклад, тут можа размясціцца офіс, фірменная крама, пункт выдачы тавараў, кафэ або гандлёвы цэнтр. Таксама можна размясціць невялікі рэстаран, фінансава-крэдытную ўстанову або дзяржаб’ект.
За ўчастак з домам просяць 148 тысяч руб. ($ 45 тыс.).