Справу аб перавышэнні гранічных гандлёвых надбавак на сацыяльна значныя тавары разглядалі ў Эканамічным судзе Мінска 25 верасня 2024 года. Кампанію «Юніфуд» — уладальніцу сеткі «Алмі» — аштрафавалі за высокія кошты на тавары, у прыватнасці на хлеб «Лаваш».
Справу ў суд перадалі ў Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі. Суд вызначыў, што з 26 студзеня па 26 ліпеня 2024 года кампанія «Юніфуд» прадавала хлеб «Лаваш» з нацэнкай, якая перавышае дазволеную. Гэтым яна парушыла артыкул 13 Закона «Аб цэнаўтварэнні», пункт 11 пастановы Савета Міністраў «Аб сістэме рэгулявання цэн» і пункт 13 Інструкцыі аб устанаўленні і прымяненні рэгулюемых цэн.
Розніца паміж фактычнай выручкай і той, якую павінны былі атрымаць па правілах, склала 7631,1 руб. Суд аштрафаваў кампанію на ўдвая большую суму — 15 262,2 руб. Таксама штраф у 200 руб. (5 базавых) далі службовай асобе, адказнай за фармаванне коштаў. Рашэнне суда пакуль не набыла моц і можа быць абскарджана.
У сетку «Алмі» зараз уваходзяць 38 крамаў: 14 гастраномаў, 21 універсамаў (шэсць з іх — у Гродне) і тры супермаркеты. ЗАТ «Юніфуд» належаць таксама сетка магазінаў Zakrama. На сайце пазначаны адрасы 11 крамаў, сем з якіх знаходзяцца ў Гродзенскай вобласці. «Юніфуд» церпіць страты: па выніках першага паўгоддзя 2024 года яны склалі 6,3 млн руб.
Каго і за што штрафуюць праз кошты
Рост цэнаў забаранілі з 6 кастрычніка 2022 года. Да 17 кастрычніка 2022 года толькі ў Гродзенскай вобласці ўзбудзілі пяць крымінальных спраў за падвышаныя кошты на прадукты. Усяго ж парушэнні выявілі ў 57 аб’ектах. З таго часу дзяржкантроль працягвае правяраць крамы і патрабаваць штрафы за перавышэнні.
У траўні 2024 года суд прызначыў штраф кааператыву «Крамко» за перавышэнне коштаў на 11 гатункаў яблыкаў, бурак, капусту, цыбулю і моркву. Іх аштрафавалі на 0,5% ад кошту рэалізаваных тавараў - 3551 руб. 13 кап. Пагандляваць з большай, чым можна, нацэнкай яны паспелі менш за два месяцы.