Помнік персанажу савецкага пісьменніка Сяргея Міхалкова – міліцыянеру Дзядзю Сцёпу – паставілі ў Гродне побач з будынкам УУС Гродзенскага аблвыканкама, на Акадэмічнай, 3.

Гарадская скульптура ўяўляе сабой вуглаватую фігуру ў шынялі і фуражцы з зорачкай, якая сядзіць на лаўцы. На каленях у фігуры сядзіць дзіця ва вушанцы і валёнках з цацачнай машынкай у руках, побач стаіць яшчэ адно з мішкай, на заднім фоне скульптурнай групы – ліхтар.

Скульптуру адкрылі да 80-гадовага юбілею гродзенскай міліцыі. У цырымоніі адкрыцця ўдзельнічалі міністр МУС Іван Кубракоў, кіраўнік Гродзенскай вобласці Уладзімір Каранік і, мяркуючы па форме, навучэнцы кадэцкіх класаў.

Чытайце таксама: Жыхары Гродна прапанавалі ўсталяваць у горадзе помнік Быкаву. Вось што адказала Зоя Кулеша з гарвыканкаму

Дзе яшчэ ў Беларусі ёсць помнікі міліцыі

Помнік, прысвечаны 100-годдзю беларускай міліцыі, ёсць у Гомелі – гэта бронзавая фігура з матацыклам і жазлом, зборны вобраз савецкага міліцыянера 1950-х гадоў.

У Мінску стагоддзю міліцыі ў 2016 прысвяцілі фігуру гарадавога Расійскай Імперыі з маленькім сабачкам каля будынка МУС. На любое ўзаемадзеянне з ёй (фота, абдымкі, павязванне шаліка, аплявуха) сілавікі рэагавалі хваравіта – ад вуснай вымовы да адміністрацыйных арыштаў, штрафаў і “пакаянага” відэа са школьнікам.

Калі вам не падабаецца – ведайце, магло быць горш

Дзядзя Сцёпа – персанаж, прыдуманы савецкім пісьменнікам Сяргеем Міхалковым, міліцыянер высокага росту, які любіць дзяцей. Першая паэма аб ім была апублікавана ў 1935 годзе. Да Гродна ён дачынення не мае. У савецкі час яго вобраз выкарыстоўвалі як станоўчую візітоўку савецкай міліцыі, героя, які ўсіх ратуе.

Чытайце таксама: Чапаеў вярнуўся ў Гродна. Дзе паставілі помнік, які знялі тры гады таму

Помнікі гэтаму персанажу ёсць у розных гарадах Расіі – у Маскве, Самары, Санкт-Пецярбургу, Пракоп’еўску (Кемераўская вобласць), Раменскім (Маскоўская вобласць), Ніжнім Ноўгарадзе, Усолле-Сібірскім. У асноўным гэта постаці вышынёй у некалькі метраў. Вылучаецца з шэрагу помнік у Ніжнім Ноўгарадзе. Фігура стаіць на пастаменце з вадаправодных труб і быццам бы вылеплена з пластыліну. Мясцовыя жыхары нават называлі яго «пярэваратнем у пагонах» і “падарункам на Хэлоўін”.

Чытайце таксама: «Нам патрэбны помнік Сталіну». Бондарава лабіруе ідэю ўвекавечыць савецкага тырана ва ўсіх гарадах Беларусі