Каля 2 мільёнаў дрэў высадзяць у Гродзенскай вобласці гэтай восенню. Дрэвы будуць садзіць у рамках дабрачыннай акцыі «Дай лесу новае жыццё». Далучыцца можа кожны.
Акцыя працягнецца месяц — з 12 кастрычніка па 12 лістапада. Працаўнікі лесагаспадарак будуць садзіць новыя дрэвы там, дзе лес пацярпеў ад стыхіі гэтым летам. Па планах, у пасадках таксама паўдзельнічаюць каля 4 тыс. жыхароў вобласці. Да акцыі могуць далучыцца ўсе ахвочыя. У бліжэйшым лясгасе спецыялісты падкажуць месцы пасадкі, дадуць сеянцы, саджанцы і інвентар і будуць суправаджаць удзельнікаў на кожным этапе, піша БелТА.
У час акцыі будзе праходзіць конкурс па фота- і відэасправаздачах сярод школ. Пераможцы ў намінацыях «Самая актыўная школа» і «Самы актыўны клас» атрымаюць дыпломы і памятныя прызы ад Гродзенскага лесагаспадарчага аб’яднання.
У чэрвені-ліпені гэтага года буры ў Гродзенскай вобласці пашкодзілі каля 765 га лесу. Асабліва пацярпелі Іўеўскі, Слонімскі, Навагрудскі і Смаргонскі вопытны лясгасы. Гэтай восенню плануюць аднавіць каля 400 га лесу. Астатнія ўчасткі будуць аднаўляць вясной 2025 года. У асноўным будуць садзіць сасну, елку і дуб, расказаў галоўны ляснічы Гродзенскага ДВЛГА Андрэй Шыкавец.