У пабе Harats на Карла Маркса, 24 адмянілі «Вечар беларускай магіі», запланаваны на нядзелю, 6 кастрычніка. Весці яго павінна была біблеістка, філосаф, супрацоўніца Нацыянальнай акадэміі навук Ірына Дубянецкая. Напярэдадні ў сваім Telegram-канале на даследчыцу паскардзілася праўладная актывістка Вольга Бондарава. 

Мерапрыемства адмянілі «па тэхнічных прычынах» 

У Instagram паба Harats адзначылі, што мерапрыемства адмяняецца “па тэхнічных прычынах”. Гасцям прынеслі прабачэнні і прапанавалі бясплатныя напоі.

У Гродне адмянілі лекцыю пра магію - напярэдадні на яе паскардзілася Вольга Бондарава
Інфармацыя аб адмене мерапрыемства. Скрыншот Hrodna.life з Instagram Harats

Падчас лекцыі абяцалі распавесці пра беларускую магічную традыцыю і касмалагічныя ўяўленні нашых продкаў. На мерапрыемства таксама запрасілі музыкаў, каб «працягнуць вечар адпаведным вайбам арт-рока з фальклорнымі элементам».

Бондарава падзякавала адміністрацыі горада за працу ў выхадныя

Напярэдадні лекцыі праўладная актывістка Вольга Бондарава паскардзілася на мерапрыемства ў сваім Telegram-канале, звяртае ўвагу «Медыязона Беларусь». 

«На жаль, няма закону, які перашкодзіў бы бчбэшніцы разбураць хрысціянскія асновы дзяржавы. А што ідэалогія? Ці ведае аб мерапрыемстве? Ці ўхваляе? Ці лічыць дапушчальным?” — напісала Бондарава. 

Пасля адмены лекцыі Бондарава актуалізавала пост і падзякавала адміністрацыі горада “за дакладную пазіцыю і якасную работу ў пазаўрочны час”.