Меню кавярні “Джэзва” папоўнілася новым напоем — кавай святога Губерта. Напой прэзентавалі падчас лекцыі «Якую каву пілі нашы продкі», што адбылася 6 красавіка ў “Джэзве”. 

Прэзентацыю і дэгустацыю новага напою абыгралі тэатралізаваным прадстаўленнем ад гродзенскага гіда Міхаіла Нарынкевіча ў вобразе святога Губерта. 

«Вырашылі зрабіць вось такі цікавы напой — каву святога Губерта. Каб вы, паважаныя гродзенцы, не змерзлі восенню і зімой», — распавёў Нарынкевіч-Губерт.

Што дадаюць у каву святога Губерта?

У склад новага напою, акрамя ўласна кавы, уваходзіць “Jägermeister” (травяны лікёр), спецыі і альтэрнатыўнае малако. Выбар “Jägermeister” выглядае невыпадковым – на бутэльках гэтага лікёру выяўлены алень з крыжам паміж рог, які паводле легенды з’явіўся святому Губерту — заступніку паляўнічых. Гэты ж алень змешчаны ў гербе Гродна.

Чытайце таксама:

Лекцыю пра каву для гродзенцаў правёў кандыдат гістарычных навук, даследчык гісторыі кавы Павел Булаты. Навуковец апісвае сябе як “кавяра, аматара і знаўца кавы”, а таксама гіда па месцах сілы і даследчыка цікавостак ВКЛ. Павел працуе барыста ў мінскай кавярні ComeIn і піша кнігу пра гісторыю кавы ў Беларусі.