Навіны

Працяг гісторыі з плантацыяй цыбулі нямецкага дэпутата пад Лідай: стала вядома, хто даваў дазвол на працу палітзняволеных

Стала вядома імя чалавека, які падпісваў дагавор падраду з ТАА «Цыбулька-Бел», каб пастаўляць зняволеных для працы на гаспадарцы. Reform.news апублікаваў адказы на шэраг пытанняў, якія тычыліся расследавання аб бізнесе нямецкага ўльтраправага дэпутата ад партыі «Альтэрнатыва для Германіі» (AfD) Ёрга Дорнаў у Лідзе. Hrodna.life прыводзіць асноўныя тэзісы публікацыі.

На плантацыі нямецкага дэпутата працаваў лідскі актывіст

Чалавекам, які падзяліўся інфармацыяй аб умовах працы палітзняволеных на цыбульнай плантацыі, стаў бард і лідскі актывіст Сяргей Чарняк. Яго імя не фігуравала ў расследаванні з прычын бяспекі, але пазней Чарняк сам даў інтэрв'ю шэрагу нямецкіх СМІ і раскрыў сваю асобу.

Сяргей Чарняк. Фота: n-tv.de Сяргей Чарняк. Фота: n-tv.de Сяргей Чарняк. Фота: n-tv.de

Праца на «Цыбулька-Бел» была фактычна прымусовай

Былі ў рэдакцыі Reform.news і іншыя сведкі. Дзмітрыя (імя зменена ў мэтах бяспекі) неаднаразова адпраўлялі працаваць на плантацыю. Беларус адзначае, што гэта робіцца фактычна ў прымусовым парадку.

«Яны ўсіх бяруць на працу. Раніцай прыходзіць начальнік і аб’яўляе, куды мы сёння пойдзем працаваць — гэта можа быць збор камянёў, сартаванне цыбулі або паход на звалку. Аднойчы я вырашыў не ісці на працу, бо адчуў сябе дрэнна. Начальнік сказаў: „Ты не застанешся тут сядзець адзін“, і мяне на цэлы дзень прыкавалі кайданкамі да батарэі», — распавёў ён.

Таксама Дзмітрый двойчы бачыў нямецкага фермера. Першы раз, калі верагодна Ёрг Дорнаў заходзіў у сховішча, другі — калі затрыманыя выязджалі пасля працы назад у лідскі Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП).

У папярэдняй публікацыі Reform.news паведамлялася, што за працу зняволеныя атрымлівалі каля 20 рублёў у дзень, ЦІП — каля 30.

«Наогул, я не ўбачыў сваіх грошай. За маё знаходжанне ў ЦІП было аплачана наперад. Калі нам сказалі ехаць на працу, я падумаў, што хаця б грошай зараблю. Усё лепш, чым сядзець прыкаваным да батарэі. Калі ў канцы тэрміну мне сказалі, што ўся заробленая сума пайшла на маё ўтрыманне, я быў вельмі здзіўлены. Грошай я так і не атрымаў», — адзначае Дзмітрый.

Усе дамовы на працу на плантацыі падпісваў адзін чалавек

Журналісты звязаліся з былым міліцыянерам і супрацоўнікам Лідскага РАУС Паўлам (імя зменена). Мужчына адзначыў, што ЦІП самастойна не прымае ніякіх рашэнняў.

«Усе дамовы падпісваліся кіраўніком Лідскага РАУС, Сяргеем Мікалаевічам Сыцэвічам», — распавёў ён.

Сяргей Сыцэвіч сышоў з пасады начальніка РАУС зусім нядаўна. Пайшоў на павышэнне — у пачатку верасня ён стаў намеснікам начальніка УУС Гродзенскага аблвыканкама. Аднак падчас знаходжання сведкаў на працах у Ёрга Дорнаў менавіта Сыцэвіч падпісваў усе дакументы.

Як расказвае Павел, у ЦІПа заўсёды была праблема з фінансаваннем.

«Спагнанне сродкаў за „паслугі“ ЦІПа дзяржава ўсклала на плечы правапарушальнікаў. У некаторых грамадзян спаганяць грошы цяжка, таму кіраўніцтва прыдумала „працатэрапію“. Напрыклад, зняволеных вывозілі на палі збіраць камяні, праполваць градкі або на камунальную звалку ЖКГ», — адзначае ён.

У любога ЦІПа ёсць паказчык спагнання за знаходжанне, працягвае Павел: «80%, 90%, а лепш за ўсё 100%. Калі Сыцэвіч падпісваў дамовы з калгасамі, палігонамі, „Цыбулька-Бел“, ён быў матываваны павысіць гэты паказчык. Яму як кіраўніку Лідскага РАУС было лягчэй даваць справаздачу перад абласнымі ўладамі».

На пытанне, ці мог бізнес адмовіцца ад супрацоўніцтва, Павал адказвае: «Вядома, мог. У Лідзе ёсць біржа працы, там можна наняць людзей. ЦІП выстаўляе свае паслугі, і для бізнесу заключыць дамову з ЦІПам больш выгадна. Ты атрымліваеш гарантаваных супрацоўнікаў на сезон».

За ўкрыццё інфармацыі аб плантацыі Ёрга Дорнаў наказалі мінімальным штрафам

У жніўні дэпутата аштрафавалі за тое, што ён схаваў свой цыбульны бізнес у Беларусі. Як высветлілі журналісты, штраф за ўтойванне інфармацыі залежаў ад атрыманага даходу, але паколькі Дорнаў не падаў і гэтую інфармацыю, яго пакаралі мінімальнай у такіх выпадках сумай у памеры трох месячных заробкаў дэпутата — 20 862 еўра.

У справаздачы аб прыбытках і стратах гаворыцца, што «Цыбулька-Бел» за 2023 год спрацавала са стратай у 721 тысячу бел. руб.: выручка ад рэалізацыі склала 3,246 млн руб., а сабекошт — 3,967 млн ​​руб. За 2023 год актывы прадпрыемства павялічыліся з 2,874 млн бел. руб. да 3,775 млн бел. руб.

За 2023 год «Цыбулька-Бел» выплаціла заробкаў работнікам на суму 347 тысяч рублёў.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Улады зробяць «раскладанку» са славутасцямі Гродна. Што туды патрапіла?

Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…

22 снежня 2024

Нерухомасць тыдня: у Гродне прадаюць кватэру «калекцыянера» з электракамінам

Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…

21 снежня 2024

І нават ICQ. Ва ўстанове Гродна будуць сачыць за перапіскамі супрацоўнікаў

Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…

21 снежня 2024

Ля сажалкі на Рэпіна з’явіцца дзіцячая інклюзіўная пляцоўка — ужо запланавалі будаўніцтва

У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…

21 снежня 2024

У Гродне з’явіцца музей Льва Бакста? Такую прапанову агучылі ў сінагозе

У Гродне адкрылася выстава, прысвечаная мясцоваму ўраджэнцу мастаку Льву Баксту. Экспазіцыю размясцілі ў харальнай сінагозе,…

20 снежня 2024

Цяпер дабрацца з Гродна ў Віцебск можна без перасадак — гэта адзін з самых доўгіх маршрутаў у краіне

Маршрут праз усю Беларусь запусціла гродзенская фірма "Пазітыў-тур". Шлях з Гродна ў Віцебск складзе амаль…

20 снежня 2024