Замак у Лідзе гэта гісторыка-культурная каштоўнасць 1-й катэгорыі. Гэта значыць, каля яго нельга ўзводзіць аніякія дадатковыя пабудовы. Але зараз непасрэдна ля сцен крэпасці будуюць рэстаран – ужо паспелі ўсталяваць драўляны каркас. Telegram-канал «Спадчына» знайшоў тлумачэнне, як гэта магчыма.
Драўляны каркас – не аб’ект будаўніцтва
Праект зон аховы Лідскага замка зацвердзілі ў 2008 годзе. Туды трапіла і тэрыторыя, на якой зараз будуюць рэстаран беларускай кухні. Згодна з дакументам, тут цалкам забаронены ўсе віды будаўніцтва, не звязаныя з рэстаўрацыяй, кансервацыяй і ўзнаўленнем гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Як жа тады атрымалася пачаць будаўніцтва? «Сакрэт у тым, што вялікая драўляная канструкцыя не праходзіць як аб’ект будаўніцтва, а праходзіць як часовы стацыянарны пункт грамадскага харчавання, летняе кафэ ці крытая тэраса, якая не мае нават фундаментаў. Вельмі зручна, рэстаран ёсць, рэгламенты аховы ёсць, але яны адзін аднаму не замінаюць», – лічыць аўтар «Спадчыны».
Магчыма, будучы рэстаран належыць уладальнікам лідскіх лаўнж-бараў
Таксама ў каментарах пад публікацыяй з’явіліся меркаванні наконт таго, каму будзе належыць рэстаран. «Пачалося будаўніцтва рэстарана беларускай нацыянальнай кухні. Павел Андрушкевіч і Алег Карэйва — уладальнікі «Мята лаўнж Ліда» і «Віскі-кола Ліда» плануюць адкрыць стыльны і вялікі рэстаран, з агульнай пасадкай на 250 чалавек», — напісаў адзін з удзельнікаў абмеркавання.



