У чаты бацькоў гродзенскіх школ прыйшлі паведамленні з заклікам вучыць дзяцей паводзіць сябе ў грамадскіх месцах або знаходзіцца побач і кантраляваць іх. Нагодай для гэтага стаў выпадак, калі нага дзяўчынкі захраснула ў вулічным трэнажоры. Выказаўся пра сітуацыю і дэпутат гарадскога савета Сяргей Мазайла. Ён успомніў дзяцінства, калі за падраную рэч пагражалі «адарваць галаву» і дзеці жылі ў страху.
14 верасня на гульнявой пляцоўцы на вуліцы Урублеўскага дзяўчынка захраснула ў спартыўным трэнажоры. Школьніца распавяла, што стаяла на трэнажоры, у нейкі момант яе нага саслізнула і захраснула, калі дзяўчынка ўпала. Ёй дапамаглі ратавальнікі. Хуткая дапамога даставіла яе ў бальніцу, адкуль яе адпусцілі.
«Нага дзяўчынкі захраснула ў вулічным трэнажоры — на кім адказнасць? Нядаўні выпадак у Гродне, калі дзяўчынка скакала па трэнажоры на новенькай пляцоўцы, прымушае паразважаць…
Варыянты адказаў:
1) на вытворцы трэнажора?
2) на майстрах, якія яго ўсталёўвалі?
3) на дзевяцігадовым дзіцяці?
4) на педагогах?
5) на бацьках?
Пры тым, што трэнажор быў усталяваны па ўсіх нормах, прызначаны для пэўных фізічных практыкаванняў, як і новая спортпляцоўка (для заняткаў спортам), дзіця праз узрост яшчэ не заўсёды можа ацэньваць наступствы сваіх учынкаў, а педагогі не могуць кантраляваць навучэнца, калі той «на хатнім», адказ відавочны", — такія паведамленні прыйшлі ў школьныя бацькоўскія чаты Гродна.
Гэтак жа лічыць і дэпутат
Дэпутат гарадскога савета Сяргей Мазайла апублікаваў «крык да бацькоў». Ён лічыць, што менавіта яны павінны тлумачыць правілы паводзін дзецям.
«…Не хочацца чытаць зводкі: «Дзіця пашкодзіла сабе нешта на спартыўнай пляцоўцы». А чаму пашкодзіла? Таму што бесклапотна падыйшло да ўласнай бяспекі. Да яго не данеслі, не дастукаліся, а магчыма нават, як бы не гучала, не баялася бацькоў, як мы з вамі ў дзяцінстве. Не бегалі мы? Бегалі, дзе можна і дзе нельга (гэта, дарэчы, не станоўчы прыклад). Але асабіста я заўсёды памятаў у такія моманты — галоўнае не ўпасці, не парваць вопратку. Таму што мне мільён разоў дома патлумачылі. Хай нават па-народнаму гэта бацькоўскае «адарву галаву», — напісаў ён.
Ці добрае такое выхаванне?
Дзяцінства Сяргея Мазайла прайшло ў 1980-х-пачатку 1990-х. Але ў 2024 на навукова-папулярных і адукацыйных рэсурсах можна прачытаць, чаму боязь бацькоў і цялесныя пакаранне — траўмуючая практыка.
«Любы фізічны гвалт у адносінах да дзіцяці непрымальны. Мноства даследаванняў даказвае, што нават слабы ўдар па карку можа нанесці псіхалагічную траўму чалавеку на ўсё жыццё або зрабіць з яго агрэсара. Але ў савецкі час, на жаль, такі метад пакарання быў нормай. Значна лепш знайсці альтэрнатывы і навучыцца з дзіцем размаўляць і дамаўляцца», — піша беларускі праект adukar.com.
Чытайце таксама: У гродзенскай школе паказалі, як (непедагагічна) прымусіць вучняў слухаць на ўроку