Заяву з прапановай перайменаваць вуліцу Карла Маркса ў Ваўкавыску беларусы накіравалі ў мясцовы райвыканкам. З адказу чыноўнікаў вынікае, што звычайныя грамадзяне не могуць выступаць з прапановамі па перайменаванні вуліц.
Чыноўнік: «Вы не можаце выступаць ініцыятарам»
Адказ на петыцыю, які паступіў 19 верасня, падрыхтаваў намеснік старшыні Ваўкавыскага райвыканкама Ігар Салавей. Спасылаючыся на заканадаўства, чыноўнік адзначыў, што прапановы аб перайменаванні вуліц могуць уносіць толькі мясцовыя Саветы дэпутатаў, выканаўчыя органы, арганізацыі або грамадзяне — але толькі пасля правядзення мясцовага сходу або рэферэндуму. «Вы не можаце выступаць ініцыятарам перайменавання вуліцы Карла Маркса», — рэзюмаваў Салавей.
Аб чым была петыцыя
Прапанова перайменаваць вуліцу з’явілася на рэсурсе e-petitions.by у жніўні. Пад ёй падпісаліся 20 чалавек. Аўтары прапаноўвалі змяніць назву вуліцы Карла Маркса, спасылаючыся на тое, што вядомы філосаф быў антысемітам. Беларусы адзначаюць, што ім «сумна ўсведамляць, што яго імя ўшанавана на мапе Ліды, а такіх вядомых беларусаў, як Шушкевіч — не».
Па ўсёй бачнасці, аўтары петыцыі памыліліся і хацелі напісаць Ваўкавыск, аднак і ў Лідзе ёсць вуліца ў гонар Карла Маркса.
Чытайце таксама: Лідскі райвыканкам адмовіўся перайменаваць вуліцу Дзяржынскага