Маёмасць кампаніі «Белабеддінг», якая займалася вытворчасцю матрацаў, выставілі на таргі з-за запазычанасцяў. З кастрычніка 2023 года прадпрыемства знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі.
Фабрыку прадаюць амаль за $ 2 млн
На аўкцыён выставілі склад сыравіны, будынак швейнага і вытворчага цэхаў, вытворча-складское памяшканне, тры вытворчых памяшканні і іншыя будынкі, якія забяспечваюць функцыянаванне вытворчасці. Акрамя таго, у лот уключана арэнда зямельнага ўчастка плошчай больш за 1,31 га. Адпаведная інфармацыя з’явілася на сайце e-auction.by.
Паведамляецца, што ўнутры памяшканняў знаходзіцца іншая маёмасць даўжніка, якая не ўваходзіць у склад лоту.
Аўкцыён адбудзецца 3 кастрычніка, пачатковая сума — 6 415 456,53 руб. (амаль $ 2 млн).
Якія праблемы былі ў «Белабеддінг» і пры чым тут дырэктар Андрэй Барбашынскі
Былы дырэктар фабрыкі Андрэй Барбашынскі - бізнесмен родам з Ашмян, у мінулым паспяховы гандбаліст. Гуляў у мінскім СКА, у клубах з Іспаніі, Венгрыі і Германіі. У 1992 годзе стаў алімпійскім чэмпіёнам у складзе зборнай СНД. Ганаровы грамадзянін Ашмян, спартыўная школа там носіць яго імя.
У 2006 годзе, ужо скончыўшы спартыўную кар’еру, адкрыў у Новай Гожы пад Гроднам на тэрыторыі СЭЗ «Гроднаінвест» сумесную беларуска-нямецкую фабрыку матрацаў і падушак «Белабеддінг», якой нязменна кіраваў да 2023 года. Яго партнёрам была нямецкая кампанія Fey&Co, якая амаль 100 гадоў займаецца вытворчасцю матрацаў.
У 2020 годзе Андрэй Барбашынскі быў даверанай асобай Аляксандра Лукашэнкі, а пазней выступаў у дзяржаўных газетах і прапагандысцкіх тэлепраграмах. Адкрыта падтрымаў расійскае ўварванне ва Украіну, з-за чаго ў траўні 2022 года нямецкі інвестар сышоў. Калі сувязі з Германіяй абарваліся, у кампаніі пачаліся праблемы.
У выніку ў верасні 2023 года на «Белабеддінг» змяніўся дырэктар. А з кастрычніка прадпрыемства наогул знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі па рашэнні ўласніка.