Уніформу Трэцяга рэйха, рыштунак і аксесуары вайскоўцаў нямецкай арміі часоў Другой сусветнай вайны вырабяць для СШ № 9 імя Сухамліна ў Слоніме.
Усяго вырабяць 69 элементаў адзення і аксесуараў. Заданне ўключае 17 найменняў. Вядома, што зробяць камплект формы афіцэра і восем камплектаў палявой формы. Таксама купяць сумку патронную, сухарную сумку і чахол лапатны скураны. Прадметы павінны быць выраблены па ўзорах 1911−1945 гадоў.
Слонімскі раённы цэнтр для забеспячэння дзейнасці ўстаноў сферы адукацыі выдаткуе на закупку да 15 000 рублёў. Форму закупляюць з 25 верасня па 20 снежня 2024 года.
Не сказана, для чаго школе форма. Магчыма, яе будуць выкарыстоўваць для рэканструкцый або для экспазіцыі школьнага музея. Чытач Hrodna.life, які сам раней вучыўся ў гэтай школе, сказаў, што ў школьным музеі сярод экспанатаў былі прыклады савецкай і нямецкай формы.
У 2014 годзе ў школе адкрыўся музей «Ваенная гісторыя Слонімшчыны». Фонд музея налічвае 258 экспанатаў, 148 з якіх — асноўны фонд. У ім адлюстравалі ўсю гісторыю горада ад кальчуг VIII стагоддзя да сучасных медалёў для ўзнагароджання вайскоўцаў.
Чытайце таксама: У Гродне з’явіцца скульптура «Генерал Карбышаў у глыбе лёду». Яе ўсталююць у СШ № 15