Жыхары новабудоўлі на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў, 57 абурыліся, даведаўшыся, што за парковачныя месцы каля дома трэба будзе даплаціць па $ 2000. Да спрэчкі далучыўся Гродзенскі гарвыканкам і патлумачыў: усё па законе, і абурэнне выклікае толькі ў гродзенцаў. У Мінску, напрыклад, практыка продажу парковачных месцаў даўно лічыцца нормай.
Інфармацыю аб неабходнасці даплаты за парковачныя месцы не агучылі ні на этапе будаўніцтва, ні пры куплі кватэр, сцвярджаюць жыхары. А ўсталяваныя на ўездзе шлагбаумы не дадуць пад’ехаць да дома аварыйна-выратавальным службам.
Уладальнікі звярнуліся да мясцовых улад з афіцыйным запытам, каб праверыць законнасць дзеянняў забудоўшчыка. Вынікам стала сустрэча з удзелам забудоўшчыка, незадаволеных жыхароў і прадстаўнікоў гарадскога ўпраўлення архітэктуры і землеўпарадкавальнай службы.
Шлагбаумы дэмантуюць, доступ да парковак абмяжуюць
«Дадзены момант з’яўляецца цалкам законным. Падстаў нешта адмяняць няма. Што тычыцца пад’езда пад шэраг пад’ездаў, гэтае пытанне вырашана забудоўшчыкам. Ёсць дамоўленасць, што шлагбаумы будуць адключаныя і дэмантаваныя. На парковачных месцах будуць устаноўлены запорныя прылады для карыстання асабіста таго, хто набудзе дадзенае парковачнае месца», —
сказаў у эфіры тэлеканала «Гродна Плюс» Дзяніс Конан, начальнік упраўлення будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама.
Продаж месцаў для паркоўкі ў новабудоўлях — з’ява новая для Гродна. Аднак у іншых гарадах, напрыклад у Мінску, гэта даўно стала звыклай практыкай і не выклікае вялікага абмеркавання. Пры гэтым у доме па вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў, 57, ужо прададзена палова парковачных месцаў, паведамілі ва ўпраўленні архітэктуры горада.