Будаўніцтва новага моста праз Лашанку. Фота: БелТА
Мост праз раку Лашанку пад Гроднам, які змыла моцным ліўнем у жніўні, пачалі будаваць нанова.
Пасля моцнага ліўня, які прайшоў 20 жніўня, у ваколіцах Індуры абрынуліся адразу два масты — каля вёскі Кунцаўшчына і каля Кавалічаў. Адзін з іх у верасні пачалі будаваць нанова. Спачатку прыйшлося прыбраць рэшткі старога маста і падрыхтаваць пляцоўкі для збудавання апор. Да 16 верасня прыехала сваебойная ўстаноўка, прывезлі ўсё патрэбнае абсталяванне і пліты. 18 верасня пачалі ўсталёўваць жалезабетонныя палі. Для апор моста іх спатрэбіцца 32.
Устаноўку плануюць завяршыць на працягу тыдня, расказаў галоўны інжынер філіяла «Аўтамост» КУП «Гроднааблдарбуд» Дзмітрый Карабінскі для БелТА. На наступным тыдні пачнуць майстраваць заборную сценку на першай апоры. Будаўніцтву замінаюць некаторыя дрэвы — іх плануюць спілаваць.
Завяршыць працы плануюць у снежні. Пакуль даводзіцца дабірацца ў аб’езд.
Новы мост пабудуюць па новай схеме. Стары быў плітны, двухпралётны, з апорай у рэчышчы. Улічваючы вялікі вадазбор, новы мост запраектавалі без руславай апоры, каб пазбегнуць падмываў. Пралётнае збудаванне зробяць шырэй — 21 м. Заборныя сценкі ўмацуюць бутавым каменем.
Мост каля Кунцаўшчыны будавалі яшчэ ў савецкі час — старыя «тэхналогіі не дазволілі вытрымаць тую нагрузку, якая ўзнікла пры павышэнні ўзроўню вады ў рацэ», расказаў тады намеснік кіраўніка аблвыканкама Андрэй Жук.
Узровень вады ў Лашанцы падняўся на чатыры метры. Рака выйшла з берагоў і падтапіла двары ў вёсцы Лаша, таксама затапіла вёску Баранава. Пацярпелі каля 30 хатніх гаспадарак. Адпампаваць ваду адразу не атрымалася: трэба было дачакацца, пакуль рака вернецца ў рэчышча. Вада знішчыла частку ўраджаю на ўчастках, пашкодзіла платы.
Чытайце таксама:
Ноч музеяў пройдзе ў Беларусі 17 траўня. У Гродне абяцаюць квізы і касцюміраваныя экскурсіі. У…
Для мадэрнізацыі пляжу на Юбілейным возеры купяць абсталяванне. Там з'явяцца гульнявы комплекс "Князь Гедымін" з…
Гродзенская IT-кампанія "Цэнтр Прагрэсіўных Распрацовак" падала заяву аб банкруцтве. Доўг фірмы - амаль 302 тыс.…
На пляцоўцы «Куфар» з'явіліся аб'явы аб продажы гатовых ботаў, якія дапамагаюць адшукаць і заняць вольныя…
Італьянскі рэстаран "Сант Микеле" з піцамі і элементамі малекулярнай кухні выставілі на продаж. Пра прычыны…
У найбліжэйшыя месяцы ў Поразаве плануюць адкрыць Дом банкухі. Тут можна будзе паўдзельнічаць у майстар-класе…