У жніўні ў сядзібе Пуслоўскіх у Слоніме пачаўся рамонт. Ужо паспелі зняць стары асфальт перад будынкам, таксама ўсталявалі будаўнічыя рыштаванні. У верасні слонімцы заўважылі, што знікла візітная картка сядзібы — скульптуры львоў, якія знаходзіліся каля ўваходу.

Скульптуры «абяцалі вярнуць»

Будаўнічую пляцоўку каля сядзібы агарадзілі, а на ўчастку з’явіліся будматэрыялы. Дэмантавалі стары асфальт перад будынкам. У жніўні пачалі аднаўляць дах, таксама планавалі пафарбаваць фасады.

У верасні гараджане заўважылі, што скульптуры львоў «кудысьці перамясцілі, але абяцалі вярнуць». Вазы, што знаходзяцца побач з ільвамі, пакуль застаюцца на месцы.

Што з’явіцца ў будынку пасля рэканструкцыі — пакуль невядома. Чытачы Telegram-канала «Спадчына» выказваюць меркаванні, што сядзібу Пуслоўскіх пераробяць пад ЗАГС.

Сядзіба атрымала статус гісторыка-культурнай каштоўнасці толькі год таму

У 2023 годзе сядзібе надалі статус гісторыка-культурнай каштоўнасці другога тыпу. Згодна з ім, цяпер на тэрыторыі зоны аховы забаронена праводзіць рамонтна-рэстаўрацыйныя работы без узгаднення, высякаць дрэвы і размяшчаць вонкавую рэкламу, якая шкодзіць візуальнаму ўспрыманню гістарычнай каштоўнасці.

Тады ж скульптурны ансамбль ільвоў і вазаў узялі пад асобую ахову.

Гісторыя сядзібы «Альбярцін»

Палацава-паркавы ансамбль Пуслоўскіх «Альбярцін» — помнік сядзібна-паркавай архітэктуры ў стылі позняга класіцызму. Знаходзіцца ў Слоніме на беразе ракі Іса. З’явіўся ў першай палове XIX ст. як рэзідэнцыя слонімскага павятовага маршалка Войцеха Пуслоўскага. Сядзіба і возера названыя ў гонар аднаго з яго сыноў. Аўтарам ільвоў каля ўвахода лічыцца італьянскі скульптар Антоніа Канова.

Сядзіба «Альбярцін» і прылеглы да яе парк захаваліся амаль без змен. У савецкі час у палацы размяшчалася бальніца, да пачатку рамонту — Дом культуры, моладзевы цэнтр і гарадская бібліятэка. У флігелі размяшчаецца фізкультурна-спартыўны клуб папяровай фабрыкі «Альбярцін».

У захаваным будынку стайняў, які раней прадавалі з аўкцыёну, у лістападзе 2022 адкрыўся гатэль, рэстаран і SPA-комплекс «У Пуслоўскіх».