Бескантактны міні-гатэль і рэстаран са стравамі з дзічыны адкрыюцца ў воданапорнай вежы ў Мастах. Побач з ёй усталююць паравоз. Такія планы ў мінскага прадпрымальніка Яўгена Бабрука. Пра іх ён расказаў Onliner.by.

За вежу ў Мастах змагаліся два пакупнікі

Яўген адзначае, што калі б вежа знаходзілася ў іншым горадзе — ён бы яшчэ падумаў, ці купляць яе. Але калі заўважыў мастоўскі будынак на аўкцыёне, вырашыў за яго пазмагацца.

«Я люблю гэты горад: часта езджу туды паляваць. Заўсёды звяртаў увагу на гэту воданапорку. Калі б гэты аб’ект знаходзіўся ў іншым горадзе, я б задумаўся, купляць яго ці не. А так усе зоркі сышліся! Я ўнёс задатак і пачаў чакаць пачатку таргоў. Забягаючы наперад, скажу: разам са мной за лот змагаўся яшчэ адзін заяўнік — юрыдычная асоба. Літаральна пару ставак — і вежа дасталася мне», — распавёў бізнесмен.

Колькі гадоў можа быць будынку?

Згодна з дакументацыяй, вежа ў Мастах з’явілася ў 1950 годзе. Але Яўген мяркуе, што будынак старэйшы.

«Па непацверджанай інфармацыі, у 1901 годзе яна ўжо сілкавала паравозы і адзіны ў краіне фанерны завод братоў Канапацкіх», — адзначае прадпрымальнік.

У якасці іншага доказу бізнесмен прыводзіць прыклады падобных вежаў у Беларусі — усе яны будаваліся ў адзін перыяд часу па аднолькавых праектах. «Таму, ёсць вялікая верагоднасць, што маёй вежы ўжо сто гадоў», — распавёў Яўген.

Насамрэч, як даведалася рэдакцыя Hrodna.life, гэтую чыгуначную лінію пачалі будаваць у 1902, а скончылі ў 1906 годзе. Завод Канапацкіх, нашчадкам якога з’яўляецца сённяшні «Мастоўдрэў», з’явіўся толькі ў 1927 годзе. Існуе таксама план воданапорнай вежы ў Мастах 1906 года — і па ім добра бачна, што гэта быў зусім іншы будынак.

Вежа прыдатная для эксплуатацыі, але дах прыйдзецца замяніць

Бізнесмен адзначае, што згодна з экспертызай, падмурак, муры і лесвіца вежы ўсё яшчэ прыдатныя для эксплуатацыі. Рамонту патрабуе дах будынку, таксама прыйдзецца рэстаўраваць бакі і перакрыцці. Участкі каменнай кладкі, якія падвергліся эрозіі і разбурэнню, трэба будзе аднавіць. А бакі і трубаправоды — часткова дэмантаваць.

Чытайце таксама: У Гродзенскай вобласці заняліся старымі воданапорнымі вежамі: у Мастах у такой зробяць хостэл, а ў Навагрудку — бар

Прадпрымальнік плануе захаваць фасад і ўцяпліць яго знутры. Да будынку не праведзены камунікацыі — гэтым пытаннем Яўген таксама плануе заняцца.

Згодна з праектам, у вежы ёсць два водныя бакі, аб’ём кожнага — 80 тон. Але адзін бак знік: прадпрымальнік мяркуе, што яго зрэзалі на металалом. «Я бы хацеў задзейнічаць дно бака ў інтэр'еры аднаго з пакояў і зрабіць з яго столю. Мне падаецца, гэта будзе выглядаць антуражна і незвычайна», — адзначыў ён.

Будзе бескантактны міні-гатэль на 10 нумароў

Яўген плануе пабудаваць міні-гатэль на шэсць паверхаў. Агулам з’явіцца 10 нумароў. Таксама прадпрымальніку падабаецца ідэя з бескантактным абслугоўваннем — прыклад ён убачыў у адным з гродзенскіх хостэлаў.

«Хацелася б інтэграваць падобную сістэму, якая дазволіць гасцям аддалена аплаціць і атрымаць электронны ключ-доступ да нумару», — адзначыў ён.

Яўген адшукаў архіўныя фотаздымкі Мастоў і плануе задзейнічаць іх у афармленні інтэр'еру будучага гатэлю.

Аўтэнтычны гатэль на 10 нумароў і рэстаран са стравамі з дзічыны: як пераробіць воданапорную вежу ў Мастах новы ўласнік 
План вежы да рэканструкцыі. Крыніца: Onliner.by
Аўтэнтычны гатэль на 10 нумароў і рэстаран са стравамі з дзічыны: як пераробіць воданапорную вежу ў Мастах новы ўласнік 
План будынку. Крыніца: Onliner.by
Аўтэнтычны гатэль на 10 нумароў і рэстаран са стравамі з дзічыны: як пераробіць воданапорную вежу ў Мастах новы ўласнік 
План рэканструкцыі вежы ў гатэль. Крыніца: Onliner.by

У прыбудове адкрыюць рэстаран, дзе будуць падаваць стравы з дзічыны

На першым паверсе вежы з’явіцца бургерная, а ў прыбудове — рэстаран. Яўген хоча, каб канцэпцыя ўстановы была звязана з паляваннем. У меню плануюць уключыць стравы з натуральнай дзічы: аленя, лася, казулі, курапаткі.

«Будзем здаваць здабытага звера на мясакамбінат і атрымліваць гатовыя прадукты ў выглядзе замарожаных катлет для бургераў, напрыклад», — апісвае сваё бачанне бізнесмен.

Побач з зонай грамадскага харчавання Яўген плануе ўсталяваць паравоз ХХ стагоддзя — яго ён набудзе ў Беларускай чыгункі. На думку прадпрымальніка, гэта прыдасць месцу гістарычны антураж.

Першыя работы ў вежы пачнуцца ў 2025 годзе

Яўген адзначае, што ўвесь праект фінансуе самастойна. Але адкрыты да прапаноў і супрацоўніцтва. У бліжэйшы час ён плануе зарэгістраваць план рэканструкцыі вежы. У наступным годзе прыступяць да мантажных работ.

«Для мяне рэінкарнацыя воданапоркі — справа для душы і задавальнення. Я не стаўлю перад сабой мэту атрымаць з яго звышпрыбытак. Гэта як крок у новы вопыт, які я даўно выношваў у сваёй галаве», — адзначыў бізнесмен.