У Гродне 70% труб замянілі на перадызаляваныя — гэта самы высокі паказальнік сярод абласных энергасістэм.
Сумарна за апошнія сем гадоў гродзенскія энергетыкі замянілі на перадызаляваныя трубы каля 150 км цеплавых сетак. Гэта дае вынік: за гэты час стала ў чатыры разы менш аварый, расказаў дырэктар філіяла «Гродзенскія цеплавыя сеткі» Генадзь Купраш для БелТА.
Перадызаляваныя трубы — гэта трубы з цеплаізаляцыяй, абароненыя вонкавым пластом ад механічных пашкоджанняў і ўздзеяння навакольнага асяроддзя. У Беларусі з’явіліся ў канцы 1990-х гг. Дазваляюць мінімізаваць цепластраты, падоўжыць тэрмін службы трубаправодаў і знізіць выдаткі на эксплуатацыю.
«У 2023 годзе ў нас было ўсяго толькі 52 такія выпадкі, за восем месяцаў гэтага года — усяго 22, прычым у перыяд эксплуатацыі - тры пашкоджанні», — падзяліўся Генадзь Купраш.
Таксама ў два і больш разоў упаў паказальнік удзельнай пашкоджвальнасці цепласетак у параўнанні з іншымі абласнымі энергасістэмамі. Цеплавыя страты знізіліся ўдвая, а выдаткі на падсілкоўванне цепласетак зменшыліся на 40%.
Чытайце таксама: 4% у год. 23 кіламетры цеплатрас замянілі ў Гродна
Адключэнні вады сталі карацейшымі
Сёлета гродзенскія энергетыкі праводзілі летнія выпрабаванні ў пяці рамонтных зонах, — на адну больш, чым у мінулым годзе. Гэта стала магчымым пасля будаўніцтва помпавай станцыі № 2. Горад змаглі падзяліць на дадатковыя секцыі і скараціць час адключэння гарачай вады. Выпрабаванні пачалі 22 траўня і завяршылі 7 жніўня, у тым ліку паўторныя праверкі ў пятай рамонтнай зоне.
Пашкоджанні цеплатрасы ліквідавалі пазаўрочна, у выхадныя дні, а на крытычных участках — нават кругласутачна. У першых чатырох зонах усе працы завяршылі за шэсць працоўных дзён, у пятай, самай вялікай, — за восем дзён.