Па медыцынскую дапамогу з-за ўкусаў кляшчоў у Гродзенскай вобласці з пачатку 2024 года звярнулася больш за 5000 чалавек. Гэта на 30% больш, чым у мінулым годзе. Найчасцей людзі звярталіся да ўрачоў у чэрвені. Траціна з укушаных — дзеці. Але інфіцыруюцца энцэфалітам часцей за ўсё пажылыя людзі.
У верасні трэба рыхтавацца да павышэння колькасці кляшчоў
У параўнанні з мінулым годам колькасць укусаў вырасла на 30%. Колькасць захворванняў клешчавым энцэфалітам вырасла ўдвая. Узровень інфіцыравання лайм-барэліёзам застаўся на леташнім узроўні.
Згодна са статыстыкай Гродзенскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, часцей за ўсё інфіцыруюцца людзі старэйшага ўзросту — ад 50 да 60 гадоў, якія не вакцынаваліся ад энцэфаліту.
У Цэнтры адзначылі, што ў верасні трэба рыхтавацца да павышэння колькасці кляшчоў — гэта звязана з жыццёвым цыклам паразітаў і ўмовамі надвор’я. Агулам спецыялісты ацэньваюць сітуацыю з кляшчамі ў краіне як напружаную.
Гродна ў топе па колькасці ўкусаў
Найбольшая колькасць зваротаў рэгіструецца ў Гродне і Гродзенскім раёне — 3,6 тыс. з агульных 5,5 тыс. па вобласці. Шмат зваротаў таксама ў Ваўкавыскім і Астравецкім раёнах. Спецыялісты адзначаюць, што частата ўкусаў звязана не з павышанай колькасцю кляшчоў у дадзеных раёнах, а з вялікай шчыльнасцю насельніцтва.
Зоны адпачынку ў Скідзелі апрацуюць ад паразітаў
Гродзенскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі плануе правесці супрацькляшчовыя апрацоўкі ў парках і скверах Скідзеля. Апрацоўкі адбудуцца 11 верасня ў парках па вуліцы Леніна, скверы на вуліцы Кірава, а таксама ў зоне адпачынку па перыметры сажалкі каля вёскі Сухаўляны. Агульная тэрыторыя апрацоўкі — больш за сем гектараў. Прэпарат захавае сваё ўздзеянне на кляшчоў на працягу 1,5 месяцаў.