На волю па памілаванні 4 верасня выйшаў палітвязень з Ліды Іван Кашко. Сілавікі затрымалі ўладальніцу рэстарана ў Бярозаўцы. Жыхара Наваградка асудзілі за пікет. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 2 па 8 верасня.
Палітвязню Арцёму Лапікаву, верагодна, узмоцняць умовы ўтрымання
2 верасня ў судзе Ваўкавыскага раёна праходзіў суд “аб пераводзе ў папраўчую ўстанову іншага віду і змене ўмоў рэжыму”. Суддзя – Мікалай Сяргейка, паведамляе Telegram-канал “Право имеют”.
У судзе Кастрычніцкага раёна Магілёва 7 верасня 2023 года Арцёма Лапікава асудзілі паводле арт.367 КК на тры гады калоніі агульнага рэжыму.

Новая “экстрэмісцкая” інфармацыя
Суд Лідскага раёна 28 жніўня прызнаў экстрэмісцкімі TikTok-акаўнт “politikan_n” і яго лагатып, а 30 жніўня – “mirekly” і “grodnanews”.
Сілавікі затрымалі ўладальніцу рэстарана ў Бярозаўцы
З уладальніцай рэстарана “Столле” затрымалі і некалькі работнікаў. Прычынай стаў “экстрэмізм” у інтэрнэце. Пра гэта паведамілі праўладныя Telegram-каналы.
Жыхара Навагрудка судзілі за пікет
Дзмітрыя Гомзу з Навагрудка 5 верасня судзілі за пікет паводле арт.24.23 ч. 1 КаАП “Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў”. Суддзя – Ігар Волчак.
Асуджаны завочна Вадзім Саранчукоў падаў апеляцыю на прысуд
4 верасня палітык з дапамогай юрыстаў абскардзіў прысуд Гродзенскага абласнога суда ў Вярхоўным судзе, паведамляе “Вясна”.
“У скарзе мы паставілі пытанні парушэння канстытуцыйных гарантый на абарону, спаборнасць і роўнасць бакоў у працэсе, што не забяспечваецца ў любым завочным судзе”, – паведаміў праваабаронца “Вясны” Леанід Судаленка, які аказвае дапамогу па завочным судам у Беларусі.
Улічваючы, што адвакат Вадзіма прызнаў яго віну, Вадзім з Леанідам падалі ў пракуратуру заяву аб узбуджэнні справы ў дачыненні да адваката, “саўдзельніка крымінальнай справы за фальсіфікацыю доказаў і за адмову ў прадастаўленні інфармацыі. Таксама звярнуліся ў ліцэнзуючы орган і Рэспубліканскую калегію адвакатаў аб парушэнні як закона аб адвакатуры, так і правілаў адвакацкай этыкі, якія забараняюць абаронцу дзейнічаць насуперак інтарэсам кліента, а таксама займаць прававую пазіцыю, не ўзгодненую з ім”.

Новые политзаключенные
Андрэй Сямчук і Ганна Мароз 6 верасня былі прызнаны былымі палітвязнямі.
Новыя “экстрэмісты”
Чудзілоўскі Ігар Мікалаевіч, Лях Дзмітрый Сяргеевіч, Грэсь Аляксей Уладзіміравіч, Нарышкін Ілля Алегавіч з Гродна 6 верасня папоўнілі спіс “экстрэмістаў”.
На волю па памілаванні 4 верасня выйшаў палітвязень з Ліды Іван Кашко
Пра гэта паведаміў у эфіры прапагандыста Рыгора Азаронка 6 верасня праўладны “палітолаг” Юрый Васкрасенскі, піша “Зеркало”.
Спікер адзначыў, што Кашко выйшаў “у апошняй партыі” памілаваных палітвязняў.
– Па неабходнасці яго памілавання разгарэлася вельмі шырокая дыскусія. < … > Вось ён ужо на волі. Паглядзім. Мы (сябры камісіі па вяртанні беларусаў, якія з’ехалі, якой даручылі разглядаць пытанні памілавання палітвязняў) далі яму аванс з перавагай у адзін голас, – адзначыў Васкрасенскі.

Анархіста Сяргея Раманава зноў будуць судзіць за “непадпарадкаванне”
Сяргею Раманаву, які адбывае пакаранне ў ВК Ваўкавыска, прад’явілі новыя абвінавачванні па арт.411 КК “Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы”. Верагодна, суд над ім адбудзецца ўжо ў верасні, паведамляе “АЧК-Беларусь”.
На дадзены момант Сяргей знаходзіцца ў памяшканні камернага тыпу, куды яго перавялі ў ліпені тэрмінам на 5 месяцаў. Таксама вядома, што Раманаву ствараюць праблемы з карэспандэнцыяй – ягоныя лісты не выходзяць з засценкаў ужо больш за месяц.



