Палацава-паркавы комплекс у Свяцку пачаў прымаць турыстаў у траўні 2023 года, але работы ў цэнтральнай частцы палаца вядуцца да гэтага часу. Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік патлумачыў, чаму рэстаўрацыя зацягнулася.
Калі скончаць рэстаўрацыю — невядома
Палацава-паркаваму комплексу ў Свяцку трэба даць другое жыццё, «каб ён прыцягваў турыстаў і ўносіў лепту ў гістарычную спадчыну вобласці», лічыць Каранік. Зараз у палацы праводзяць навуковыя даследаванні, каб аднавіць інтэр'еры XVIII стагоддзя. Менавіта таму зацягваецца рэстаўрацыя цэнтральнай частцы палацу. «Там нешта захавалася», — дадаў падчас прэс-канферэнцыі Каранік. Даты заканчэння работ ён не агучыў.
Чытайце таксама: Як аднаўлялі палац у Свяцку ў міжваенны час
Падчас рэканструкцыі ўпарадкавалі тэрыторыю і аднавілі галерэі
Прымаць гасцей палацава-паркавы комплекс пачаў у траўні 2023 года пасля рэканструкцыі з частковай рэстаўрацыяй. Падчас першага этапу работ паспелі добраўпарадкаваць тэрыторыю, рэканструявалі сам будынак, левы і правы флігелі, левую і правую галерэі, а таксама гараж, кузню і канюшню.
Будынкі на тэрыторыі палаца прыстасавалі пад гатэль, SPA-цэнтр, бровар і рэстаран.
Палац у Свяцку рэстаўруюць ужо сем гадоў
Палац — помнік архітэктуры пераходнага перыяду ад барока да класіцызму. Да 2005 года там працаваў санаторый, пасля комплекс быў закінуты.
У 2009 годзе комплекс перадалі ва ўласнасць санаторыя «Азёрны», які належыць Нацбанку. У 2017 годзе пасля навуковых даследаванняў пачалася рэстаўрацыя, рэканструкцыя і падрыхтоўка да ўключэння яго ў турыстычную дзейнасць.